Святар у дом Бог у дом. Калядныя адведзіны сем'яў
Пасля свята Божага Нараджэння пачынаецца час душпастырскіх візітаў, або так званая каляда. Святары наведваюць сваіх парафіян, каб супольна памаліцца, блаславіць вернікаў і іх сем’і, асвяціць дамы. Каляда – гэта, перш за ўсё, сустрэча святара са сваёй паствай, добрая нагода для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з парафіянамі, даведацца, як і чым яны жывуць. Для веруючага чалавека каляда мае важнае духоўнае значэнне, таму варта годна падрыхтавацца да душпастырскага візіту.
Як запрасіць святара і калі яго чакаць?

У нашай парафіі традыцыйна душпастырскія адведзіны праводзяцца толькі па папярэднім запісе, які праводзіцца ў сакрыстыі. У адпаведнасці з запісанымі адрасамі святары вызначаюць дзень і час наведвання пэўнай вуліцы або вёскі. Парадак наведвання на працягу тыдня можна знайсці на нашым сайце або на дошцы аб'яў у святыні. Калі па ўважлівых прычынах няма магчымасці прыняць святара ў вызначаны час, неабходна загадзя аб гэтым паведаміць.

Як падрыхтавацца да прыходу святара?

Неабходна прыбраць у доме. У пакоі, дзе будзем прымаць святара (пажадана не на кухні), засцілаем стол белым абрусам.  На стол ставім крыж і дзве свечкі. Таксама, калі ёсць, можна паставіць асвячоную ваду і палажыць крапіла. Калі ў доме ёсць рэлігійныя рэчы, якія неабходна блаславіць, іх таксама можна пакласці на стол.

Хто павінен прысутнічаць падчас візіту?

Адзначаючы, што каляда — гэта душпастырскае наведванне сем'яў, найлепш сустракаць святара ўсёй сям'ёй. Нават калі ў сям'і ёсць людзі іншага веравызнання або няверуючыя, пажадана каб і яны прысутнічалі падчас візіту.

Як апранацца?

Ксяндза варта сустракаць так, як вы сустракаеце сваіх дарагіх гасцей падчас важных жыццёвых падзей. Таму апрануцца трэба годна і сціпла, паколькі гэта таксама з’яўляецца выражэннем уласнай культуры паводзін.

Як сябе паводзіць?

Падчас візіту святара неабходна выключыць тэлевізар, радыё і гук мабільных тэлефонаў. Гаспадар або гаспадыня выходзяць насустрач ксяндзу, а астатнія члены сям'і чакаюць ў пакоі. На хрысціянскае прывітанне “Хвала Хрысту!” адказваем “На векі вечныя. Амэн”. Затым разам прымаем удзел у супольнай малітве. Калі святар акрапляе жыхароў дома святой вадой, робім знак крыжа.

Што можна і чаго непажадана рабіць?

Пасля асвячэння дома можна задаць святару пытанні, якія хвалююць сям'ю, прапанаваць гарбату або абед, аднак настойваць не варта. Падчас каляды не прадугледжана ўдзяленне сакрамантаў споведзі і намашчэння хворых. Аднак калі неабходнасць такая ўсё ж існуе, то лепш аб гэтым паведаміць загадзя.

Колькі даваць грошы?

У касцёле ніхто не выстаўляе цэнніка за паслугі святара і не называе канкрэтнага кошту, на які чалавек павінен арыентавацца. Таму адказ просты: хто колькі можа. Трэба падкрэсліць, што гэта менавіта ахвяра, дабравольны жэст, а не аплата за “працу” святароў. Атрыманыя сродкі ў гэтым годзе пойдуць на ўсталяванне новага вітража ў касцёле.

“Працэдура” ўсоўвання грошай у кішэню ці сумку святара не заўсёды прыемная. Таму трэба загадзя ўкласці ахвяраванне ў чысты канверт і ў канцы душпастырскага візіту падаць яго ксяндзу са словамі, што гэта ахвяраванне на касцёл. Варта складваць ахвяраванне ад сэрца, памятаючы, што радаснага даўцу любіць Бог.
Паводле матэрыялаў каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by