Калядны канцэрт у свята Святой Сям'і
26 снежня пасля святой Імшы а 10-ай гадзіне дзеці і моладзь нашай парафіі пад кіраўніцтавам Яўгеніі Баговіч зладзілі невялікі святочны канцэрт. Юныя таленты сваім выкананнем узрушылі сэрцы прысутных і падаравалі прыемны святочны настрой.
У нядзелю на Эўхарыстыі было шматлюдна. Вікарый парафіі ксёндз Аляксандр Дулінец зачытаў ПАВЕДАМЛЕННЕ Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям’і: "у першую нядзелю пасля ўрачыстасці Нараджэння Пана Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і, якое адначасова з’яўляецца святам усіх сем’яў, бо слова «сям’я» — гэта агульнае імя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і кожнай сям’і. Сям’я паходзіць ад Бога і вядзе да Бога.

Гэтае свята пачало адзначацца ў розных краінах з XVIII стагоддзя і было зацверджана Папам Львом ХІІІ. Па рашэнні Папы Бэнэдыкта XV, яно пачало адзначацца ва ўсім Касцёле. Такім чынам Касцёл паказвае сужэнства як прастору асвячэння і месца, дзе адбываюцца вялікія рэчы..."

Адзначаць свята Святой Сям'і калядным канцэртам ў нашай парафіі стала ўжо добрай традыцыяй. Пасля Імшы дзеці і моладзь выканалі песні на беларускай і польскай мовах. Вядучымі праграмы сталі Марыя Гернат і Арына Клеменцева.
У выкананні дзяцей і моладзі прагучалі песні: "Нараджэнне Хрыста", "Gdy slichna Panno", "Raduj siе ziemіo". Малодшая група выканала песню "На Раство Хрыстова".
Завяршылася выступленне песняй "Шчаслівых святых Калядаў". Спевы ўпрыгожыла музычнае суправаджэнне: клавішы — Ульяна Рубанік, ксілафон — Анастасія Вярковіч, цымбалы — Раман Чарняўскі, а таксама трыа гітарыстаў у складзе Аляксандра Шамёнка, Андрэя Малецкага і Мікіты Мацура, якіх падрыхтавала выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Бялевіч.
Пасля выступлення пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў удзельнікам канцэрта за цудоўныя спевы і станоўчыя эмоцыі і ўручыў ім салодкія падарункі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Яўгеніі Баговіч, за яе плённу і самаадданую працу з дзіцячым і дарослым хорам.

Падарункі ад дабрачыннай арганізацыі Карытас Віцебскай дыяцэзіі атрымалі таксама дзеці, якія хадзілі на Рараты і ўсе дзеці, якія былі ў святыні.
Жанна Закрэўская, тэкст, фота, відэа.
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by