WYSIWYG Web Builder
Калядныя сустрэчы
Актава Божага Нараджэння — гэта час, калі ладзяцца святочныя сустрэчы, конкурсы, канцэрты. Госцем калядных сустрэч у дзіцячых установах горада стаў дэкан Мёрскага дэканату пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік.
Раніцай 29 снежня святар наведаў Міёрскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і выхавання. Супрацоўніцтва з дадзенай установай стала ўжо традыцыйным. Выхаванцы цэнтра, па магчымасці, прымаюць удзел у выставе батлее і малюнкаў да свята Божага Нараджэння "Хрыстос нарадзіўся!", якая ладзіцца ў касцёле, а калядныя сустрэчы са святаром адбываюцца ўжо не першы год.

Наступным месцам наведвання стаў Міёрскі дзіцячы сад №2, дзе ксёндз Андрэй Кулік сустрэўся з выхаванцамі і педагогамі ўстановы. Зразумела, што тэмай размовы стала свята Божага Нараджэння. Дзеці з цікавасцю адказвалі на пытанні святара і дзяліліся асабістымі ўражаннямі пра святкаванне нараджэння Пана.

Разам з пробашчам садок наведалі ўдзельнікі дзіцячага парафіяльнага хору. Пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч дзяўчаты заспявалі калядкі, што паспрыяла стварэнню радаснага і бадзёрага настрою. Завяршылася сустрэча святочнымі пажаданнямі і агульным фотаздымкам на памяць.

Жанна Закрэўская, тэкст.
Фота Яўгеніі Баговіч і педагогаў дзіцячага сада.
30.12.2023
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by