WYSIWYG Web Builder
Простай мовай пра сакрамант канфірмацыі
Праз прыняцце сакраманту хросту чалавек становіцца Божым дзіцем — перад ім адкрываецца дарога да Божага Валадарства. Але хрост — гэта толькі пачатак вялікай жыццёвай дарогі хрысціяніна. Другім сакрамантам на шляху хрысціянскай ініцыяцыі з’яўляецца сакрамант канфірмацыі.
Што такое сакрамант канфірмацыі, навошта ён патрэбны і з якога ўзросту можна яго прымаць?

879-ы канон нагадвае нам, што сакрамант канфірмацыі або бежмавання накладае свой характар і дзякуючы гэтаму сакраманту ахрышчаныя, ідучы шляхам хрысціянскай ініцыяцыі, надзяляюцца дарам Духа Святога і больш поўна звязваюцца з Касцёлам. Сакрамант канфірмацыі ўмацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста і распаўсюджвалі і абаранялі веру.

Іншымі словамі, гэты сакрамант умацоўвае чалавека дарамі Духа Святога і дае яму моц вызнавання веры ў асабліва цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

Якое імя выбраць кандыдату да сакраманту канфірмацыі?

Момант выбару імені для сакраманту канфірмацыі з’яўляецца глыбока ўкаранёным у традыцыі вернікаў. Згодна ёй, праз нашэнне пэўнага імені можна заручыцца падтрымкай нябеснага заступніка.

Пажадана, каб гэта была асоба, блізкая па характары, з падобнай біяграфіяй, якая клапацілася асаблівым чынам пра тыя рысы хрысціянскага жыцця, якія ў нас самых ляжаць на сэрцы, або якая проста імпануе нам сваім жыццём. Прыняцце чыйгосьці імені з’яўляецца своеасаблівай хрысціянскай ідэнтыфікацыйнай прыкметай, якая дэкларуе, што мы хочам ісці па слядах канкрэтнай асобы.

Такім чынам, Касцёл заахвочвае кожнага верніка мець другое, “святое” імя. Калі атрымалі яго на сакраманце хросту, можна не вызначацца з “дапаможным” для прыняцця сакраманту канфірмацыі, а можна і ўзяць дадатковае.

Часта моладзь любіць выбіраць прыгожыя імёны, нават не задумваючыся, хто іх насіў. Такі легкадумны падыход пазбаўляе сэнсу традыцыю, якая грунтуецца на ідэі падтрымаць кандыдата ў духоўным развіцці праз дапамогу асобы, што была беатыфікавана ці кананізавана. Таму выбар імені трэба рабіць асэнсавана.

Хто павінен быць сведкам сакраманту канфірмацыі? Ці могуць імі быць праваслаўныя вернікі?

Паводле Кодэкса кананічнага права, сведкам сакраманту канфірмацыі можа быць чалавек, які дасягнуў 16-гадовага ўзросту – калі толькі пробашч ці цэлебрант не лічыць, што па важнай прычыне можна зрабіць выключэнне – і ўжо прыняў гэты сакрамант. Ідэальна, калі сведкам сакраманту будзе хросны бацька ці хросная маці кандыдата (тым самым падкрэсліваецца сувязь паміж сакрамантамі хросту і канфірмацыі).

Трэба заўважыць, што сведка канфірмацыі не павінен быць звязаны ніякім кананічным пакараннем, “накладзеным або аб’яўленым законным чынам” (кан. 874, 1/4). У гэтым шэрагу – чалавек, які ўступіў у другі сужэнскі саюз або ўвогуле жыве без шлюбу. Сведкам сакраманту канфірмацыі таксама не можа быць бацька ці маці кандыдата, вернік некаталіцкай канфесіі.

Вельмі важна, каб патэнцыяльны сведка быў прыгодны да гэтага, а значыць жыў у веры. Ён абавязкова павінен мець свядомы намер удзелу ў сакраманце, бо яго далейшым абавязацельствам будзе клопат аб тым, каб канфірмаваны “жыў як сапраўдны сведка Хрыста і верна выконваў абавязкі, якія вынікаюць з гэтага сакраманту” (кан. 892). Такім чынам, быць сведкам сакраманту – значыць не толькі прысутнічаць на ўрачыстасці, але і несці адказнасць, якая вынікае з прыняцця канфірмацыі. Гэта павінна абавязваць з 2-ух бакоў: як кандыдата пры выбары сведкі, так і патэнцыяльнага сведку пры прыняцці адпаведнага рашэння.

Да чаго абавязвае сакрамант канфірмацыі?

Прыняцце сакраманту канфірмацыі ўказвае на сувязь “новага” хрысціяніна з біскупам, які з’яўляецца гарантам і слугой еднасці свайго Касцёла і яго паўсюднасці і апостальства. Такім чынам таксама падкрэсліваецца сувязь з апостальскімі пачаткамі Хрыстовага Касцёла.

Праз прыняцце сакраманту канфірмацыі вернік свядома вызнае сваю веру, а таксама абавязваецца да мужнага сведчання аб ёй іншым, прысягае жыць згодна з Божымі запаведзямі і нястомна клапаціцца пра паглыбленне сваіх рэлігійных ведаў. Выракаецца ўсяго, што звязана з нячыстым і можа прывесці да зла. Інакш кажучы, з гэтага часу хрысціянін становіцца поўнасцю адказным за сваё жыццё.

Паводле Catholicnews.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by