Што такое кансэкраванае жыццё?
2 лютага 1997 года ў свята Ахвяравання Пана Святы Айцец Ян Павел ІІ устанавіў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця,  даўшы магчымасць Касцёлу больш глыбока задумацца над жыццём, якое прысвячаецца Богу. Што ж такое кансэкраванае жыццё?
«Кансэкраванае жыццё гэта стан жыцця, які ўзнікае праз прыняцце евангельскіх парадаў, хоць і не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, усё ж неад’емна належыць да яго жыцця і святасці», — гаворыцца ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл «Lumen gentium».

Евангельскія парады, кансэкраванае жыццё

Евангельскія парады ў іх разнастайнасці прапанаваныя кожнаму вучню Хрыста. Дасканаласць любові, да якой закліканыя ўсе вернікі, накладае на тых, хто свабодна прымае заклік да прысвячэння жыцця Богу, абавязак захоўваць цнатлівасць Божага Валадарства, жыць ва ўбостве і паслухмянасці. Жыццё, «прысвечанае Богу», характарызуе выкананне гэтых парадаў у трывалым стане жыцця, прызнаным Касцёлам. У выніку кансэкраванае (прысвечанае Богу) жыццё з’яўляецца адным са спосабаў спазнаць «больш глыбокае» пасвячэнне, якое, беручы пачатак у хросце, цалкам аддае верніка Богу. У жыцці, прысвечаным Богу, верныя Хрыстовы ставяць сабе за мэту пад дзеяннем Духа Святога як мага бліжэй ісці следам за Хрыстом, аддаваць сябе Богу, любімаму больш за ўсё, і, імкнучыся да дасканалай любові ў служэнні Божага Валадарства, абвяшчаць у Касцёле хвалу будучага свету і быць яго знакам.

Вялікае дрэва з мноствам галінаў

«Як дрэва дзівосна і буйна разгаліноўваецца на ніве Пана з зерня, пасеянага Богам, так развіліся разнастайныя формы пустэльніцкага ці супольнага жыцця, розныя манаскія сем’і, духоўнае багацце якіх ідзе як на карысць членам гэтых сем’яў, так і на дабро ўсяго Цела Хрыстовага» (Lumen gentium, 43).

«З першых часоў у Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія імкнуліся праз выкананне евангельскіх парадаў з большаю свабодаю ісці следам за Хрыстом і больш верна наследаваць Яго, і кожны з іх на свой лад вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Духа Святога жылі ў самоце пустэльніцтва або заснавалі рэлігійныя сем’і (манаскія ордэны), якія Касцёл з гатоўнасцю прыняў і зацвердзіў сваёй уладаю» (Perfectae caritatis, 1).

Кансэкрацыя і пасланніцтва: абвяшчаць Валадара, які прыходзіць

Чалавек, аддадзены Богу, якога ён любіць вышэй за ўсё, ахвяраваны Яму яшчэ праз хрост, такім чынам яшчэ глыбей прысвячаецца служэнню Богу і аддае сябе для дабра Касцёла. Праз стан прысвячэння Богу Касцёл адкрывае свету Хрыста і паказвае, як цудоўна дзейнічае ў ім Святы Дух. Тыя, хто складае шлюбы захоўваць евангельскія парады, маюць, такім чынам, заданне жыць перш за ўсё сваёй кансэкрацыяй. Але паколькі яны «праз саму сваю кансэкрацыю аддаюць сябе служэнню Касцёлу, то павінны браць асаблівы ўдзел у місіянерскай працы такім чынам, які ўласцівы для іх інстытута» (СІС, кан 783; пар. Ян Павел ІІ, Redemptoris missio, 69).

У Касцёле, які з’яўляецца як бы сакрамэнтам, гэта значыць, знакам і прыладаю Божага жыцця, кансэкраванае жыццё праяўляецца як асаблівы знак таямніцы Адкуплення. «Больш верна» ісці за Хрыстом і наследаваць Яго, «больш выразна» выяўляць Яго прыніжанасць — гэта значыць «больш глыбока» быць у сэрцы Езуса для сваіх сучаснікаў. Бо тыя, хто стаў на гэты «больш вузкі» шлях, сваім прыкладам заахвочваюць братоў, а таксама «даюць яскравае і ганаровае сведчанне таго, што свет не можа быць пераменены і ахвяраваны Богу без духа благаслаўленняў» (Lumen gentium, 31).

Ці гэтае сведчанне даецца публічна, як у манастве, ці менш адкрыта, або нават патаемна, прыйсце Хрыста для ўсіх тых, хто прысвяціў сябе Богу, застаецца вытокам і святлом іх жыцця:

«Паколькі народ Божы не мае тут пастаяннага гораду (...), манаскі стан (...) паказвае ўсім вернікам прысутнасць, ужо ў гэтым свеце, нябесных дабротаў; ён сведчыць пра новае і вечнае жыццё, набытае праз Адкупленне Хрыстом; ён прадказвае будучае ўваскрашэнне і нябесную хвалу» (Lumen gentium, 44).

Сярод тых, хто прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу ў манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, ёсць і нашы землякі: айцы марыяне Міхаіл Цвячкоўскі і Аляксандр Шамрыцкі, дамініканін а.Юрый Шэнда, капуцын а.Алег Шэнда, цыстэрц а.Уладзімір Лапацкі. У супольнасці салезіянаў праходзіць фармацыю клерык Міхаіл Вішнеўскі. У жаночых манаскіх супольнасцях працуюць сёстры Ірына Варонька SCJ, Валянціна Кузняцова CNPK, Ганна Жаўняровіч FCM, Кацярына Шэнда CSFN.

Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытутах. Заахвочваем усіх парафіянаў і наведвальнікаў сайта далучыцца да супольнай малітвы Касцёла за кансэкраваных асоб.


Паводле Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by