Кастрычнік — месяц ружанцовай малітвы
1 кастрычніка распачынаем месяц, які называецца “ружанцовым”. У гэты перыяд у Каталіцкім Касцёле асаблівая ўвага надаецца ружанцовай малітве. Святары заахвочваюць вернікаў да супольнай штодзённай малітвы  на ружанцы ў святыні або дома ў сям'і.
У старажытнасці быў цудоўны звычай ахвяраваць асабліва годным людзям вянкі, сплеценыя з ружаў. Хрысціяне ўшаноўвалі Хрыста, Маці Божую і святых, складаючы ружавыя вянкі на алтар.

Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі.

Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста.

Каб глыбей адчуць плён ружанцовай малітвы трэба не проста адмаўляць "пацеркі",  а разважаць над таямніцамі Ружанца. Даволі часта ў малітоўніках у пачатку таямніцы падаюцца тэксты Святога Пісання, не варта ігнараваць іх, бо яны дапамагаюць глыбей зразумець сэнс таямніцы.

Ружанцовая малітва мае вялікую моц і дазваляе пераадолець розныя жыццёвыя перашкоды. Да штодзённай малітвы на Ружанцы заклікала Панна Марыя падчас сваіх аб'яўленняў у Фаціме. Мы таксама заахвочваем вернікаў раскрыць для сябе прыгажосць ружанцовай малітвы праз удзел у супольнай малітве на Ружанцы ў касцёле, якая адбываецца перад кожнай святой Імшой, або дома ў коле сям'і.

Паводле матэрыялаў сайта Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by