Касцёл як містычнае Цела Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія жывуць цяпер, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (Мк 12, 27). Таму мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: Касцёл пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы.
Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны, які таксама называюць ваюючым, — гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і такім чынам ваюючы са злом. Пакутуючы Касцёл — гэта душы, якія знаходзяцца ў чыстцы. Чысцец — гэта стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Яны пазбаўлены магчымасці маліцца за сябе, але затое могуць маліцца за ўсіх, хто жыве на зямлі. Трыумфуючы, або пераможны, праслаўлены Касцёл — гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць і сваіх братоў, што змагаюцца са злом на зямлі, і тых, што пакутуюць у чыстцы. Такая агульная малітва адных членаў Касцёла за другіх называецца супольнасцю святых — веру ў іх мы вызнаем у Апостальскім сімвале веры.
У «Катэхізісе Каталіцкага Касцёла» гаворыцца: «Мы верым, што мноства душаў, сабраных вакол Езуса і Марыі ў Раі, утвараюць Касцёл на нябёсах, дзе ў вечным шчасці яны сузіраюць Бога такім, які Ён ёсць, і дзе яны таксама <…> разам са святымі і анёламіі ўдзельнічаюць у Божым Валадарстве, якое здзяйсняе Хрыстус у хвале — заступаючыся за нас, дапамагаючы нашай слабасці сваім братнім клопатам» (ККК, 1053).
Сярод гэтага «мноства душаў», пра якое гаворыцца ў катэхізісе, некаторых святых мы ведаем па імёнах і ўшаноўваем іх асобна. Усіх жа іншых святых разам з вядомымі нам мы ўшаноўваем ва ўрачыстасці Усіх Святых, просячы іх аб братняй заступніцкай малітве за нас, за нашых родных і блізкіх. Такім чынам, 1 лістапада — гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнемся і які ўшаноўваем на зямлі.