Падведзены вынікі Конкурсу на веданне Святога Пісання - 2020
13 снежня пасля святой Імшы з удзелам дзяцей а 10 гадзіне былі ўручаны дыпломы і падарункі дзецям, якія сталі фіналістамі конкурсу на веданне Святога Пісання - 2020. У мінулым годзе такі конкурс адбыўся ўпершыню, і ў ім узялі ўдзел 220 дзяцей з дзесяці дэканатаў Віцебскай дыяцэзіі, у дзвюх узроставых катэгорыях: 9-11 год (могуць быць маладзейшыя) і 12-14 год.

Конкурс праводзіцца ў тры этапы: парафіяльны, дэканальны і дыяцэзіяльны. Удзельнікам конкурсу за адведзены час неабходна выканаць пэўныя заданні па зместу кніг Святога Пісання. У мінулым годзе конкурс праходзіў па кнігах Быцця і Евангелля паводле Лукі.

У гэтым годзе на парафіяльным этапе конкурсу дзецям неабходна было за 45 хвілін адказаць на 25 тэставых пытанняў па змесце кнігі Зыходу Старога Запавету. Затым работы правяраліся парафіяльным журы, а вынікі накіроўваліся дыяцэзіяльнаму каардынатару. У гэтым годзе з-за пандэміі каронавіруса было вырашана адмяніць фінальны этап конкурсу.

Усе ўдзельнікі, якія прайшлі ў фінал, атрымалі дыпломы і ўзнагароды ад арганізатара Конкурсу Карытас Віцебскай дыяцэзіі ў рамках праекта "Пазнаём сваю веру", сумесна з Карытас Лінц (Аўстрыя).

Фіналістамі ў нашай парафіі ў малодшай узроставай групе сталі Пальчэх Паліна і Петкун Яна, у старэйшай Варонька Багдан і Рубанік Ульяна. Дарэчы ўсе дзеці ўжо другі раз удзельнічаюць у конкурсе. Неабходна адзначыць, што конкурсу папярэднічала працяглая і сур’ёзная падрыхтоўка. Пачынаючы з кастрычніка на працягу пяці месяцаў дзеці кожны тыдзень збіраліся на сустрэчы ў катэхетычнай зале, каб пад кіраўніцтвам катэхеткі Наталлі Гарноўскай разабраць чарговы фрагмент з кнігі Зыходу. Папярэдне, на працягу тыдня дзеці дома вывучалі пэўны фрагмент тэксту, а потым супольна адказвалі на пытанні, шукалі адказы ў тэксце. Як адзначыла спадарыня Наталля, менавіта асабістае жаданне дзяцей да вывучэння Слова Божага і іх адказныя адносіны да справы садзейнічалі іх паспяховаму ўдзелу ў конкурсе.

Фіналісты сёлетняга конкурсу не толькі вывучаюць Святое Пісанне, але і ўпрыгожваюць літургію сваім актыўным удзелам у ёй. Багдан – лектар, Ульяна – цудоўна спявае і грае на сінтэзатары, Паліна і Яна – спяваюць у дзіцячым хоры.

Ад усяго сэрца віншуем фіналістаў конкурсу і жадаем ім далейшых поспехаў у вывучэнні Святога Пісання і служэнні на хвалу Пану Богу.


Жанна Закрэўская
13.12.2020

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by