WYSIWYG Web Builder
У Мёрах прайшоў дэканальны этап Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання
20 красавіка прайшоў другі этап Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання. Тэма біблійнага конкурсу — «Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях». У дэканальным этапе, які праводзіўся у Мёрах, прынялі ўдзел 8 дзяцей і падлеткаў з двух парафій.
Конкурс на веданне Святога Пісання праводзіцца Віцебскай дыяцэзіяй штогод пачынаючы з 2019 года і за гэты час выйшаў за яе межы. У гэтым годзе было зарэгістравана 337 удзельнікаў з усёй Беларусі.

Конкурс праводзіцца ў двух узроставых катэгорыях: 1 катэгорыя — дзеці ад 7 да 11 год уключна; 2 катэгорыя дзеці ад 12 да 17 год уключна. Выпрабаванні складаюцца з трох этапаў: парафіяльны, дэканальны і фінал.

Першы этап конкурсу прайшоў у парафіях 6 красавіка, а на 20 красавіка быў назначаны другі этап.
У гэты дзень на дэканальны этап конкурсу ў Мёры прыехалі 5 прадстаўнікоў з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне, сярод іх адзін выступаў у малодшай узроставай катэгорыі, чатыры — у старэйшай. Нашу парафію прадставілі тры падлеткі, якія выступілі ў старэйшай узроставай катэгорыі.
Выпрабаванні, які праходзілі ў катэхетычнай зале, распачаліся з супольнай малітвы, якую ўзначаліў ксёндз Алег Зямчонак — адказны за правядзенне дэканальнага этапу конкурсу.  Запаленыя на сталах свечкі сталі сімвалам прысутнасці Духа Святога падчас іспытаў.

Канкурсантам на працягу 45 хвілін неабходна было адказаць на пытанні, якія датычылі цудаў Езуса Хрыста. Пры падрыхтоўцы да конкурсу трэба было карыстацца тэкстам першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове “НОВЫ ЗАПАВЕТ” (Мінск, 2017).

Пасля таго, як выйшаў час і канкурсанты здалі бланкі адказаў, настала праца для журы. Дзеці ж маглі ў гэты час адпачыць і падсілкавацца за салодкім сталом.
Журы ў складзе дэкана Мёрскага дэканату ксяндза Андрэя Куліка, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне ксяндза Віктара Сініцкага SCJ і спадарыні Анастасіі Бадун падвяло вынікі іспытаў і вызначыла пераможцаў. Імі сталі:

1 узроставая катэгорыя
— Гірстун Эвяліна (Шаркаўшчына);

2 узроставая катэгорыя
— Пальчэх Паліна і Кунцэвіч Уладзіслаў (Мёры).

Пераможцы дэканальнага этапу прымуць удзел у фінале конкурсу, які пройдзе 4 мая ў Віцебску.

Жанна Закрэўская, тэкст
Анастасія Бадун, фота

20.04.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by