Тэрмін «litania» (гр. lite, лац. litanea — просьба, маленне, выпрошванне) даслоўна азначае малітоўнае выпрошванне. Ад іншых малітоўных выпрошванняў гэта літанія адрозніваецца спецыфічнаю структураю: яна складаецца з мноства заклікаў-просьбаў, пасля якіх гаворыцца адказ, напр., «маліся за нас» — у Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і Літаніі да ўсіх святых, а калі звяртаемся да Хрыста або іншых Боскіх асобаў — «змілуйся над намі» або «выслухай нас, Пане».
Генезіс Ларэтанскай літаніі складаны для замацавання. Хутчэй за ўсё, у сваёй асноўнай форме літанія з’явілася ў парыжскім манускрыпце канца ХІІ стагоддзя. Можна таксама меркаваць, што некаторыя заклікі, скіраваныя да Марыі, знаходзіліся ў Літаніі да ўсіх святых і з цягам часу дададзеных тытулаў Марыі станавілася ўсё больш і больш, што паступова паслужыла ўтварэнню новай групы тытулаў, якая «адарвалася» ад першапачатковай асновы. Літанія, вядомая як Ларэтанская, паходзіць ад назвы мястэчка Ларэта, размешчанага ў правінцыі Анкона ў Італіі, дзе знаходзіцца славуты Марыйны санктуарый. Паводле легенды, у ХІІІ ст. дамок з Назарэта, у якім нарадзілася Маці Божая, быў перанесены анёламі ў Ларэта. Вядома, што літанія асаблівым чынам прапагандавалася і чыталася пілігрымамі ў гэтым санктуарыі, дзе яна набыла канчатковую форму і пачала распаўсюджвацца ва ўсім Касцёле. У 1531 г. запісана сведчанне, у якім гаворыца аб чытанні літаніі ў гэтым санктуарыі. Упершыню яна была надрукаваная ў 1572 г. у Фларэнцыі і мела 43 заклікі. Да канца ХVI ст. яна перадрукоўвалася каля 20-ці разоў, што сведчыць пра яе даволі шырокае распаўсюджанне.
У папскіх дакументах згадка пра Ларэтанскую літанію з’явілася ў 1581 г. у буле «Redituri» Сікста V, які абвясціў за чытанне літаніі 200-дзённы адпуст, заахвочваючы вернікаў да малітвы. Чарговыя адпусты ў 1932 г. дадалі да гэтай малітвы Пій VII і Пій ХІ, а папа Бэнэдыкт ХІV афіцыйна зацвердзіў літанію і дазволіў выкарыстоўваць яе падчас публічнага культу Касцёла.