Падчас Эўхарыстыі шэсць міністрантаў нашай парафіі: Андрэй Малецкі, Уладыслаў Бялевіч, Раман Чарняўскі, Мацвей Дарожка, Павел Сінкевіч і Уладыслаў Дзівін прынялі абрад увядзення да паслугі лектара.
Лектар — гэта служэнне ў Каталіцкім Касцёле з абавязковым чытаннем у ходзе святой Імшы і іншых набажэнстваў Святога Пісання, за выключэннем Евагелля. Ён можа таксама прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы (малітвы вернікаў), а калі адсутнічае псальміст, спяваць або прамаўляць паміж чытаннямі псальмаў. Таксама падчас цэлебрацыі святой Імшы лектар мае ўласныя абавязкі, якія павінен выконваць сам.
Быць лектарам — адказная і ганаровая справа. Паслуга лектара даручаецца тым міністрантам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту і на працягу некалькіх гадоў станоўча праявілі сябе ў служэнні ля алтара.