WYSIWYG Web Builder
Літургічны год
1 снежня распачынаецца новы літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста. Парадак і склад літургічнага году фарміраваўся стагоддзямі пад уплывам шматлікіх фактараў. Перад усім, гэта гісторыя збаўлення і гісторыя Касцёла.
«На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да  самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаслаўлёнай надзеі прыйсця Пана. Такім чынам святкуючы таямніцы Адкуплення, Касцёл адкрывае вернікам багацце збаўчых цнот і заслуг свайго Пана так, што яны праяўляюцца ўвесь час, каб вернікі сутыкнуліся з імі і напоўніліся ласкай збаўлення» (Канстытуцыя пра святую Літургію ІІ Ватыканскага Сабору, 102).

Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:

Перыяд Адвэнту.
Перыяд Нараджэння Пана.
Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.
Перыяд Вялікага посту.
Святы Пасхальны Трыдуум.
Велікодны перыяд.
Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.
Перыяд Адвэнту

У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт – перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні.

Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Перыяд Нараджэння Пана

Урачыстасць Нараджэння Пана святкуецца 25 снежня. Таямніца Уцелаўлення Божага Сына ў літургіі святкуецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў.
Перыяд Вялікага посту

Вялікі пост – саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.

Вялікі тыдзень – апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў святую ноч (святы Пасхальны Трыдуум).

Святы Пасхальны Трыдуум

«Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана пачынаецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана, мае свой цэнтр ў Пасхальнай вігіліі і завяршаецца Нешпарамі нядзелі Уваскрасення». (Гл. Рымскі Імшал. Агульныя нормы літургічнага года і календара, № 19)
Велікодны перыяд

Велікодны перыяд – пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка (Рымскі Імшал, Агульныя нормы літургічнага года і календара, №№ 22–26).

Літургічны год дэманструе таксама асаблівую ролю Найсвяцейшай Панны Марыі ў таямніцы Хрыста. Марыйныя святы падкрэсліваюць прывілеі, якімі Бог яе адараваў, каб падрыхтаваць да ўдзелу ў гэтай таямніцы. У сваю чаргу, святы анёлаў паказваюць на іх ролю ў гісторыі збаўлення на розных этапах, ад пачатку да трыумфу апакаліпсіса. Успаміны святых і благаслаўлёных праслаўляюць вялікія справы, якія Бог здейсніў ў іх, паказваюць плён, які  прыносіць у Касцёле таямніца Хрыста. 

Кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы кожную нядзелю, а таксама ў наступныя ўрачыстасці і святы:

Святой Багародзіцы Марыі – 1 студзеня.
Аб'яўленне Пана (Тры Каралі) – 6 студзеня.
Святога Юзафа – 19 сакавіка.
Унебаўшэсце Пана – з календара рухомых святаў.
Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) – з календара рухомых святаў.
Святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі – 15 жніўня.
Усіх Святых – 1 лістапада.
Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 снежня.
Нараджэнне Пана – 25 снежня.
(пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1246, § 1)

Паводле Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by