Маці Божая з Люрда — апякунка хворых
11 лютага 1858 года ў Масабельскіх пячорах на поўдні Францыі 14-гадовай Бернардэце Субіру аб’явілася Багародзіца, якая прадставілася ёй на мясцовым дыялекце: “Que soy era Immaculada councepciou” – “Я Беззаганнае зачацце”. Аб’яўленне Марыі паўтарылася 18 разоў.
Падчас аб’яўленняў Марыя заклікала да малітвы, асабліва ружанцовай, да пакаяння і навяртання. Яна таксама паказала месца, дзе трэба расчысціць зямлю, каб там з'явілася вада. Гэта было не што іншае, як крыніца з гаючай вадой, якая б’е да сённяшніх дзён. Так распачалася гісторыя найбольш вядомага ў свеце санктуарыя Божай Маці.
На месцы аб’яўленняў у 1874 годзе была ўсталявана фігура Мадоны Люрд, а потым узведзена на ахвяраванні простых вернікаў неагатычная базыліка ў гонар Беззаганнай, Нотр-Дам дэ Люрд (Notre-Dame de Lourdes). Узроўнем ніжэй паўстала неавізантыйская базыліка ў гонар ружанца (Basilique du Rosaire).
На тэрыторыі санктуарыя знаходзіцца і падземная базіліка Пія X (Basilique Souterraine St-Pie X), у якой адначасова могуць змесціцца да 20 тысяч чалавек.
Недалёка ад храма пад адкрытым небам размешчаны Крыжовы шлях. Ля гротаў устаноўлены шэсць жаночых і адзінаццаць мужчынскіх купеляў, дзе хворыя могуць абмыць сваё цела і спадзявацца на ласку аздараўлення і паглыбленне веры.
Сёння Люрд – гэта найбуйнейшы ў Францыі і адзін з найбуйнейшых асяродкаў Марыйнага культу ў свеце. У гэтым месцы людзі атрымоўваюць фізічнае і духоўнае аздараўленне. Таму Люрд – гэта мэта шматлікіх пілігрымак розных людзей з розных частак зямлі. Кожны год санктуарый наведвае каля 6 мільёнаў чалавек з усяго свету з надзеяй вылечыцца ад хваробы. Найчасцей людзі шукаюць здароўя цела, але не толькі — яны таксама шукаюць здароўя душы.

У Люрдзе пануе своесаблівая атмасфера. Гэта адчуваецца праз добразычлівыя адносіны, ўсмешкі незнаёмых людзей пры сустрэчы, узаемадапамогу. Я мела магчымасць двойчы пабываць у гэтым святым месцы, дзе мяне найбольш уразіла пабожная традыцыя Ружанцовай малітвы на заканчэнне дня, падчас якой адбываецца ўрачыстая працэсія. Валанцёры нясуць вялікую фігуру Маці Божай уздоўж тэрыторыі экспланады (адкрытая пляцоўка перад санктуарыем, заўв. аўт.), вернікі ж, трымаючы ў адной руцэ свечку, а ў другой ружанец, нястомна паўтараюць словы малітвы. Ідучы ў працэсіі чуеш побач словы "Вітай, Марыя..." на англійскай, французскай, польскай і іншых мовах і сам паўтараеш па-беларуску. Пасля кожнай таямніцы гучыць песня "Аve Maria", зноў жа на розных мовах. Рэфрэн "Аve, Аve, Аve Maria!" падхоплівае ўся шматтысячная супольнасць, пры гэтам усе разам падымаюць запаленыя свечкі ўгору.
Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда — гэта нагода, каб сэрцы людзей сталі больш чулымі да цярпенняў іншага чалавека. Таму даверымся сёння апецы Маці Божай з Люрда, каб яна, Аздараўленне хворых, выпрасіла ў свайго Сына Езуса Хрыста ўсім нам здароўе душы і цела.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота

Абноўлена 10.02.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by