Парафія ў Лужках прывітала новага пробашча
23 ліпеня ў парафіі Святога Арханёла Міхала ў Лужках адбылася знамянальная падзея. Ксёндз Ян Пугачоў, па даручэнні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, увёў на пасаду пробашча парафіі ксяндза Івана Кароткіна. Урачыстае Вызнанне веры і Прысяга вернасці былі складзеныя новапрызначаным пробашчам на святой Імшы а 15-ай гадзіне.
Перад Эўхарыстыяй кс.Ян Пугачоў, які да гэтага часу з'яўляўся адміністратарам парафіі, прадставіў новага пробашча і ўрачыста перадаў яму ключы ад святыні. Парафія ў Лужках невялікая, але, як адзначыў кс.Ян, з'яўляецца сапраўднай сям'ёй, дзе кожны гатовы аказаць падтрымку і прыйсці на дапамогу. Святар падкрэсліў, што вернікам неабходна дзякаваць Богу за вялікую ласку мець свайго святара і магчымасць штодзённага ўдзелу ў святой Імшы.
Затым парафіяне выказалі шчырыя словы ўдзячнасці кс.Яну Пугачову за яго самаахвярнае душпастырскае служэнне, за супольную малітву, Эўхарыстыю, удзяленне сакрамантаў, айцоўскія парады і тактоўныя заўвагі. Вернікі пажадалі свайму былому пастыру моцнага здароўя, сілы, мудрасці для абвяшчэння Божага Слова і служэння на ніве Пана.

Звяртаючыся да новага пробашча, парафіяне запэўнілі яго ў сваёй гатоўнасці да супрацоўніцтва і пажадалі неабходных ласкаў у святарскім служэнні. Вернікі выказалі надзею на тое, што пад кіраўніцтвам кс.Івана  Кароткіна парафія і далей будзе развівацца і ўзрастаць духоўна.

Да слоў парафіянаў далучылася старшыня Лужкаўскага сельсавета Таццяна Краснадубская. Яна ўручыла святарам адмысловыя фота-калажы, якія прысвечаныя гісторыі і культуры Лужкоў.
Пасля слоў прывітання распачалася канцэлебраваная святая Імша, падчас якой пробашч кс.Іван Кароткін маліўся за сваю новую парафію. Сам святар паходзіць з Урбанаў. Прэзбітарскія пасвячэнні атрымаў 3 мая 2014 года з рук біскупа Алега Буткевіча. Душпастырскую дзейнасць распачаў вікарыем у парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, затым нёс святарскае служэнне ў Глыбокім, Дрысвятах, Наваполацку. 

У гаміліі, разважаючы над прыпавесцю пра каласоўнік (Мц 13, 24-43), святар звярнуў увагу на розны падыход чалавека і Бога да грэшніка. Калі чалавек лічыць, што той, хто моцна грашыць не мае прабачэння і заслугоўвае хутчэйшага пакарання, то міласэрны Бог "марудзіць" у вынясенні канчатковага прысуду, бо дае шанец кожнаму грэшніку да навяртання.
Напыканцы святой Імшы ля касцёла адбылося бласлаўленне кіроўцаў і асвячэнне транспартных сродкаў у гонар св.Крыштафа.
Пасля набажэнства кс.Ян Пугачоў выказаў словы ўдзячнасці за супольную малітву і запрасіў сваіх былых парафіянаў на адпустовыя ўрачыстасці на свята Перамянення Пана ў Германавічы, дзе ён з'яўляецца адміністратарам.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by