Традыцыйна гэтыя пакуты не абмяжоўваліся мукай і смерцю; хутчэй, яны ўключалі ў сябе сем смуткаў Марыі, якія былі прадказаны святаром Сімяонам, які абвясціў Марыі: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». (Лк 2, 34-35). Гэтымі словамі прарок Сімяон падчас ахвяравання Езуса ў святыні прадказаў пакуты Марыі. Марыя, як самая пакорлівая і верная Слуга Пана, мела асаблівы ўдзел у справе збаўлення Хрыста, якая вяла праз крыж.
На працягу многіх стагоддзяў Касцёл адзначаў два святы ў гонар пакут Найсвяцейшай Дзевы Марыі: у пятніцу перад Вербнай нядзеляй — Маці Божай Балеснай і 15 верасня — Сямі смуткаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Першае свята было ўпершыню ўведзена ў Германіі ў 1423 годзе ў Кёльнскай дыяцэзіі і называлася «Спачуванне Марыі ў якасці адкуплення за гвалт, учынены гусітамі над каталіцкімі храмамі». Першапачаткова яно адзначалася ў пятніцу пасля трэцяй нядзелі Вялікадня. У 1727 годзе Папа Бенедыкт XIII пашырыў яго на ўвесь Касцёл і перанёс на пятніцу перад Вербнай нядзеляй.
Другое свята мае крыху іншы характар. Яно ўшаноўвае Марыю як Маці Божую Балесную і Каралеву Мучанікаў не столькі ў хрысталагічным сэнсе, колькі ў гістарычным, нагадваючы пра больш важныя этапы і сцэны драмы і пакут Марыі. Сэрвіты першымі ўвялі гэтае свята. З 1667 года яно пачало распаўсюджвацца на некаторыя дыяцэзіі. У 1814 годзе Пій VII пашырыў яго на ўвесь Касцёл і прызначыў свята на трэцюю нядзелю верасня, а Папа Пій X устанавіў дакладную дату — 15 верасня.
Абодва святы адзначаюцца паралельна са святамі Мукі Пана і ў пэўнай ступені ім адпавядаюць. Першае непасрэдна звязана з Вялікім тыднем, а другое — са святам Узвышэння Святога Крыжа. Свята, якое адзначалася перад Вербнай нядзеляй, было адменена ў сувязі з пераглядам календара пасля Другога Ватыканскага сабору.