Маёвыя набажэнствы: гісторыя і традыцыі
Месяц май асаблівым чынам прысвечаны малітве да Маці Божай. Вернікі збіраюцца на маёвыя набажэнствы не толькі ў касцёлах, але і каля прыдарожных крыжоў і каплічак, у сваіх дамах. Удзел у набажэнствах сведчыць пра вялікую марыйную пабожнасць.
Праўдападобна, што на яе развіццё аказалі ўплыў традыцыі, якія прыйшлі з Усходу, дзе ўжо ў V стагоддзі вернікі збіраліся і спявалі песні ў гонар Багародзіцы. Прыхільнікам такой формы малітвы быў святы Кірыл Александрыйскі. Акафіст — марыйны гімн усходніх хрысціянаў — стаў узорам для літаній, у тым ліку для Ларэтанскай літаніі. У першым тысячагоддзі некаторыя мясцовыя хрысціянскія супольнасці на Захадзе пачалі прысвячаць цэлы месяц адмысловаму ўшанаванню Панны Марыі, але не заўсёды гэта быў май.

На мяжы XIII і XIV стагоддзяў у заходняй хрысціянскай традыцыі май пачынаюць лічыць месяцам, прысвечаным Панне Марыі. Паспрыяў гэтаму іспанскі кароль Альфонс Х (+1284), які заахвочваў сваіх падданых майскімі вечарамі збірацца каля фігураў Багародзіцы на малітву.

Да пашырэння папулярнасці маёвых набажэнстваў вельмі спрычыніўся італьянскі езуіт а. Альфонс Муцарэлі, які ў 1787 годзе выдаў брашуру, у якой папулярызаваў гэты культ Багародзіцы.

У 1814 годзе папа Пій VII устанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а ў 1859 годзе чарговы біскуп Рыма Пій ІХ — прызнаў канчатковую форму гэтай малітвы, якая звычайна складаецца з Ларэтанскай Літаніі, навукі святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамантам. На нашых землях традыцыя маёвых набажэнстваў узнікла ў ХІХ стагоддзі.
У літаніі Касцёл праслаўляе тыя цноты і ласкі, якімі Бог адарыў Маці Божага Сына. Гэта малітва, верагодна, узнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў.

Маёвыя набажэнствы — гэта праяўленне народнай пабожнасці. Літургія і пабожнасць з’яўляюцца абавязковымі часткамі духоўнага жыцця чалавека. Гэтыя часткі цесна звязаныя паміж сабою. Літургія мае ў народнай пабожнасці сваё дапаўненне, з’яўляючыся адначасова крыніцай і ўзорам для ўласнай пабожнасці.

Запрашаем парафіянаў да ўдзелу ў маёвых набажэнтвах  у нашай святыні.

Паводле catholic.by

Абноўлена 28.04.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by