Святы Айцец заклікае навучыцца маліцца Божым словам
Папская cусветная сетка малітвы апублікавала відэаролік, прысвечаны тэме малітоўнай інтэнцыі Святога Айца на першы месяц 2026 года. У студзені Пантыфік заахвочвае навучыцца маліцца Божым словам.
“Молімся, каб малітва Божым словам стала хлебам нашага жыцця і крыніцай надзеі ў нашых супольнасцях, дапамагаючы нам будаваць больш братэрскі і місійны Касцёл” — так гучыць папская інтэнцыя.

У відэароліку Леў XIV заахвочвае вернікаў ва ўсім свеце маліцца разам з ім. Ён звяртаецца да Хрыста са словамі малітвы, нагадваючы, што сэрца чалавека жыве ў неспакоі, прагне сэнсу, і толькі Яго Евангелле можа даць яму спакой і паўнату.

“Навучы нас кожнага дня слухаць Цябе ў Святым Пісанні, дазваляць Твайму голасу ўзрушваць нас, распазнаваць нашы рашэнні ў блізкасці да Твайго Сэрца. Няхай Тваё Слова будзе пажывай у час стомленасці, надзеяй у цемры і сілай у нашых супольнасцях”, — кажа Папа.

Пантыфік просіць Хрыста зрабіць так, каб Яго слова – слова, якое робіць нас дзецьмі і братамі, вучнямі і місіянерамі Божага Валадарства — ніколі не знікала з сэрцаў і вуснаў Яго вучняў.

“Зрабі нас Касцёлам, які моліцца Божым Словам, які будуецца на ім і дзеліцца ім з радасцю, каб у кожным чалавеку зноў нараджалася надзея на новы свет. Няхай наша вера ўзрастае ў сустрэчы з Табой праз Тваё Слова, натхняючы нас ад усяго сэрца выходзіць насустрач іншым, служыць найбольш уразлівым, прабачаць, будаваць масты і абвяшчаць жыццё”, — пажадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by