WYSIWYG Web Builder
Маці Божая Шкаплерная
16 ліпеня ў Каталіцкім Касцёле адзначаем успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, якую традыцыйна называюць таксама Маці Божай Шкаплернай. Гісторыя свята сягае ў 1251 год, калі на гары Кармэль у Палестыне генералу ордэна кармэлітаў Сымону Стоку аб'явілася Маці Божая.
«Прымі, найдаражэйшы сыне, гэты шкаплер. Ён будзе прывілеем для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто памрэ ў ім, той не спазнае агню пякельнага» — такія словы Божай Маці пачуў 16 ліпеня 1251 г. святы Сымон Сток у вельмі цяжкі перыяд свайго жыцця. Ордэн, якім кіраваў а. Сымон, апынуўся ў небяспецы распаду. Гэта было ў той час, калі кармэліты, якія раней жылі на гары Кармэль у Палестыне, пасля заваявання мусульманамі Святой Зямлі былі вымушаны перабрацца ў Еўропу, але ў новым асяроддзі ордэн, які прысвяціў сябе выключна кантэмпляцыі (малітве), не мог знайсці свайго месца. Многія знакі і падзеі сведчылі пра тое, што няма ўжо аніякага паратунку: не толькі цяжкасці ў матэрыяльнай сферы, але таксама неахвота з боку тагачасных уладаў і адрозныя духоўныя ўмовы знеахвочвалі многіх законнікаў да абранай раней формы жыцця. Менавіта ў гэты час, калі многія гублялі надзею і, як некалі апосталы пасля смерці Езуса, думалі пра вяртанне да сваіх ранейшых заняткаў або пра іншую форму служэння Богу, святы Сымон звяртаецца да ўсіх кармэлітаў з заклікам да малітвы праз заступніцтва Божай Маці аб захаванні ордэна. Айцец Генерал дасканала ведаў, што ніколі не здаралася, каб Марыя пакінула таго, хто да Яе ўцякае, Яе на дапамогу кліча, таму мабілізаваў сваіх братоў, каб нястомна прасілі сваю Маці і Сястру аб дапамозе (кармэліты называюць сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі). Сам Святы, будучы вялікім шанавальнікам Маці Божай, прасіў Яе аб знаку, які дапаможа перажыць цяжкасці і ўмацуе для далейшых намаганняў дзеля захавання ордэна. Не адну ноч разам з братамі ён правёў у малітве, верачы, што просьбы будуць выслуханыя. Трывалая малітва прынесла свой плён. Маці Божая, калі аб’явілася Сымону Стоку, указала на ягоны шкаплер — верхнюю частку законнага адзення, якая апранаецца падчас працы, і ўчыніла яго знакам своеасаблівага запавету: кожны, хто будзе пабожна насіць шкаплер, не спазнае пекла. Марыя абяцала апеку і дапамогу, чакаючы ўзамен ад кармэлітаў вернасці ў законным жыцці, сімвалам чаго павінна было стаць нашэнне шкаплера. Браты станоўча адказалі на заклік Марыі, цалкам давяраючы Пану Богу і сваёй Маці: ордэн вытрымаў выпрабаванні і цяжкасці і пачаў дынамічна развівацца.
Найсвяцейшая Маці хацела, каб кармэліцкі шкаплер насілі не толькі законнікі, але ўсе вернікі, якія гэтага захочуць. Маці Божая аб’явілася ў 1322 г. папу Яну ХХІІ і да прывілеяў, дадзеных святому Сымону Стоку, дадала яшчэ так званы Суботні прывілей. Марыя абяцала, што кожны, хто пабожна носіць шкаплер і ў ім памрэ, будзе вызвалены з чыстца ў першую суботу пасля сваёй смерці. Шкаплернае набажэнства, якое спачатку практыкавалася ў кармэліцкіх супольнасцях, вельмі хутка распаўсюдзілася сярод свецкіх людзей і духавенства, каралёў і іх падданых, багатых і бедных, простых і адукаваных, а распаўсюджванне марыйнага культу ў знаку шкаплера стала часткай місіі Кармэлю. Было пабудавана шмат кляштараў і касцёлаў пад тытулам Маці Божай Шкаплернай, пры якіх пачалі ўзнікаць шкаплерныя брацтвы. Кармэліты, прыбываючы на новае месца, намагаліся як мага хутчэй паведаміць вернікам пра вялікі дар, які дала ім Марыя як паратунак.

Шкаплер — гэта два невялікія кавалкі сукна карычневага колеру, якія носяцца на шыі і з’яўляюцца знакам палатнянага шкаплера, які носяць законнікі. Можна таксама насіць медалік, на якім ёсць выявы Сэрца Езуса і Маці Божай Шкаплернай. Трэба, аднак, памятаць, што само толькі нашэнне шкаплера як нейкага талісману не толькі не прынясе духоўнай карысці, але ў нейкім сэнсе можа стаць знакам забабону. Калі нехта лічыць, што, апрануўшы шкаплер, ён будзе ад усяго абаронены, незалежна ад таго, як будзе паступаць, то ён моцна памыляецца.

Шкаплер папулярна называецца шатаю Марыі, Яе адзеннем. Апрананне яго на шыю ўводзіць нас у вялікую сімволіку і духоўнасць. Марыя, якая пад крыжам атрымала ад Езуса наказ клапаціцца пра людзей, сама апранае нас, клапоціцца пра нашы штодзённыя справы, прагне, каб мы злучылі з Ёю сваё жыццё. Частка шкаплера, якая спадае на плечы, падказвае нам, што турботы, перажыванні і крыжы мы павінны зносіць пад апекаю Марыі, цалкам аддаўшы сябе Божай волі, так, як гэта чыніла Яна, а частка, якая спадае на грудзі, нагадвае пра тое, што нашае сэрца павінна біцца для Бога і бліжніх, дзеля любові адрывацца ад зямных прывязанасцяў і яднацца, праз заступніцтва Марыі, з вечнымі дабротамі, бо праўдзівая наша айчына ёсць у небе — там, дзе ёсць наша Маці. Шкаплер з’яўляецца таксама знакам абароны перад шатанам і грахом: ён нагадвае, што мы не адны на жыццёвым шляху і гарантуе абарону Той, якая, як спяваем у Гадзінках, з’яўляецца пострахам для шатана. У адной са шкаплерных песняў гаворыцца таксама пра абарону ў зямных справах: «Марыя падчас вайны кулямі кіруе, а хто ў Яе шкаплеры, таму жыццё даруе».

Кожны, хто надзявае шкаплер, далучаецца праз яго да марыйнай пабожнасці Кармэлю: мае ўдзел ва ўсіх духоўных плёнах малітвы і жыцця кармэліцкай сям’і і ўсю спадчыну Кармэлю можа лічыць сваёй — ён у пэўным сэнсе з’яўляецца часткаю Кармэлю i асаблівым чынам імкнецца наследаваць Панну Марыю і служыць Ёй. Ідэал Кармэлю — трывалая малітва, сузіранне Бога, свабода ад зла i граху і, як вынік усяго гэтага — служэнне братам па прыкладзе Марыі. Гэтыя заданні можна рэалізоўваць рознымі спосабамі, згодна са станам свайго жыцця.

Прыняцце шкаплера адбываецца толькі адзін раз. Калі шкаплер знішчыцца або згубіцца, то кожны сам можа надзець новы. Пры гэтым неабавязкова асвячаць новы шкаплер або медалік. Знішчаны шкаплер з тканіны трэба спаліць. Нельга выкідваць яго на сметнік, бо гэта сведчыла б пра адсутнасць пашаны як да самога знаку, так і да Марыі, ад якой мы яго атрымалі. Калі хтосьці, прыняўшы шкаплер, доўгі час не насіў яго па розных прычынах (забыўся, занядбаў або згубіў), ён можа сам надзець яго, перапрашаючы за занядбанне.

Паводле Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by