Падтрымаць кандыдата ў такі адказны жыццёвы момант сабралася вялікая салезіянская сям'я, яго родныя і блізкія. На ўрачыстасці прысутнічала шмат моладзі, паўсюль панаваў добразычлівы і радасны настрой, што ў поўнай меры адпавядае салезіянскаму духу, адметнымі рысамі якога з’яўляюцца вера ў Божы Провід, душпастырская любоў да моладзі, аптымізм і радасць, укаранёная ў блізкіх адносінах з Богам.
На пачатку Літургіі біяграфію кандыдата зачытаў ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Яе важным момантам стаў той факт, што з дзейнасцю салезіянскай супольнасці Міхаіл Вішнеўскі ўпершыню пазнаёміўся менавіта ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля падчас футбольнага турніру “Кубак дона Боско”, на які яго запрасілі сябры.
Гэты факт закрануў у сваім слове да вернікаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB: "Сёння мы ўдзельнічаем у падзеі, якая пакідае след не толькі ў нашых сэрцах, але і ў гісторыі салезіянскай супольнасці. Гэта гісторыя пачалася тут у 2013 годзе. Малады чалавек Міхаіл прыйшоў гуляць у футбол і нават не здагадваўся, што гэты дзень стане новай старонкай у яго жыцці. З таго часу пачалося знаёмства з харызмай супольнасці, якое паўплывала на яго пакліканне. <...>Сёння мы бачым, як маленькая іскрынка ператварылася ў вогнішча, якое асвятляе шлях не толькі для Міхаіла, але і тых, каго ён сустракае на сваёй жыццёвай дарозе."
Засяродзіўшы ўвагу на духоўным плёне шлюбаў, якія складае кандыдат — паслухмянасці, убоства і чысціні —настаяцель, звяртаючыся да Міхаіла, падкрэсліў: "Складаючы вечныя шлюбы ты вяртаешся ў тое ж месца, але не хлопцам з мячом у руках, а дарослым мужчынам з Евангеллем у сэрцы. Тады ў 2013 годзе Бог зрабіў першы пас у тваю душу і ты яго прыняў. Цяпер, пасля некалькі гадоў трэніроўкі, пасля матчаў выпрабаванняў, перамог і паражэнняў, ты выходзіш на новае поле — салезіянскае поле жыцця, дзе галоўная мэта не забіць гол, а прывесці да Неба тых, каго Пан табе даверыць. <...>Вечныя шлюбы — гэта пастаяннае імкненне да святасці праз служэнне Богу. Няхай радасць сённяшняга дня будзе поўнай і чыстай, і спадарожнічае на ўсіх тваіх шляхах, каб праз цябе яна даходзіла да тых, хто сёння яшчэ не ведае Бога."
Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленую свечку, як сімвал Хрыста, Міхаіл Вішнеўскі склаў вечныя манаскія абяцанні ў Таварыстве святога Францішка Сальскага.