Таксама кс. Віктар адзначыў, што кожны хрысціянін павінен выконваць Божую Волю. “Напэўна, Марыя і святы Юзаф будавалі планы на будучыню, але ў нейкі момант ім давялося шмат усяго змяніць. Каб атрымаць усё, Ёй давялося быць гатовай страціць многае, і Яна была гатова”, — дадаў святар.
“Важна мець у жыцці правільную перспектыву — кожны дзень майго зямнога жыцця набліжае мяне да смерці”, — працягнуў кс. Віктар, кажучы пра чацвёрты элемент урачыстасці Унебаўзяцця, які заклікае вернікаў памятаць, што гэты свет – не ўсё, што ў іх ёсць.
На завяршэнне казання дэлегат адзначыў, што кожны з нас павінен памятаць пра апошнюю мэту – Змёртвыхпаўстанне.
Пасля рэгіянальны настаяцель звярнуўся да маладога сабрата са словамі: “Дарагі Міша, зыходзячы з пяці элементаў сённяшняй урачыстасці, якія мы толькі што абмяркоўвалі, жадаю, каб ты заўсёды ў жыцці шукаў выканання Божай Волі, імкнуўся праз Марыю быць падобным да Хрыста, добрага Пастыра, і ніколі не страціў у сваім жыцці апошнюю мэту – Змёртвыхпаўстанне, бо менавіта гэтая збаўленчая таямніца з’яўляецца для нас, салезіянаў, цэнтрам нашай духоўнасці і крыніцай патрэбных у душпастырскай працы ласк!”
Пасля святой Імшы кл. Міхаіл падзякаваў бацькам, салезіянскай сям’і, моладзі і ўсім прысутным за супольную малітву і падтрымку, а таксама запрасіў усіх на пачастунак у араторый.