ДЗЁННІК СВЯТЫХ МІСІЙ
Бог ёсць любоў
3 кастрычніка ў нашай парафіі распачаліся святыя Місіі. На святой Імшы а 10-ай гадзіне адбылася ўрачыстая сімвалічная перадача ўлады ў парафіі айцам-рэдэмптарыстам. На пачатку пробашч сустрэў місіянераў пры ўваходзе ў касцёл, а затым ля алтара звярнуўся з прывітальным словам да місіянераў і на час святых Місій перадаў ім стулу — сімвал святарскай улады, а таксама ключы ад святыні.
Да прысутных звярнуўся айцец Віктар Бохан CSsR: "Час святых Місій гэта ў першую чаргу час слухання Слова Божага. Гэта час, калі мы яшчэ больш адкрываемся на дзеянне Божай ласкі. Шукаем у кожным моманце і ва ўсім, што будзем перажываць падчас Місій, прысутнасці Божай, а ў касцёле асаблівым знакам гэтай прысутнасці будзе з'яўляцца пасхал. Пасхальная свечка гэта знак Езуса Хрыста змёртвыхпаўсталага, жывога Бога, які тут сярод нас."
Айцец Віктар звярнуўся да ксяндза Аляксандра з просьбай урачыста запаліць пасхал і прачытаць малітву да Духа Святога на пачатак святых Місій.
Навуку місійную прамовіў айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR. Галоўнай тэмай гаміліі сталі словы з Першага паслання святога Яна "Бог ёсць любоў...". Разважаючы над формамі і праявамі любові ў жыцці чалавека, айцец Эвард спыніўся на любові Бога да чалавека. "Пан Бог паказвае нам сапраўдную любоў. Любоў бескарыслівую, дасканалую... Яна адкрываецца нам у прыгажосці навакальнага свету, мудрасці законаў прыроды... Але ў поўнай меры  праяўляецца ў тым, што Бог аддае нам свайго сына Езуса Хрыста, які праз сваю муку і змёртвыхпаўстанне стаў збаўцам свету...  Хай святыя Місіі стануць запрашэннем адкрываць у нашых сэрцах фундамент веры, у якім найпершым і найважнейшым з'яўляецца Божая любоў."
Пасля Імшы адбылося спатканне місіянераў з бацькамі. Айцец Віктар спыніўся на праблемах сучаснай сям'і, і іх першапрычыне —  падзенні аўтарытэту сужэнства і бацькоў.
Наша збаўленне ў Езусе Хрысце
4 кастрычніка другі дзень святых Місій. Ён прайшоў пад тэмай: "Наша збаўленне ў Езусе Хрысце". Падчас навукі месійнай разважалі пра тое, што менавіта грэх аддаляе чалавека ад Бога. "Чалавек, які здзяйсняе цяжкі грэх — зневажае Крыж і прыбітага да яго Езуса Хрыста" — заўважыў у сваёй гаміліі айцец Віктар Бохан CSsR.

"...Праўда ў тым, што з-за граху не Пан Бог аддаліўся ад мяне, а я праз свой грэх аддаліўся ад Бога..."

Кульмінацыяй дня стаў Крыжовы шлях па вуліцах горада.
Крочачы пакутным шляхам Хрыста яшчэ раз задумаліся над рэчамі, якія сталі звыклымі, але найбольш аддаляюць нас Бога. Зайздрасць, распута, забабоны, праклёны...

Выйсце ж у тым, каб пераасэнсаваць сваё жыццё і ўпарадкаваць яго паводле Божага загаду.
Па чарзе несучы крыж ад стацыі да стацыі вернікі змянялі адзін аднаго: мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці... Да апошняй стацыі крыж неслі святары.

Завяршыўся другі дзень Місій бласлаўленнем місійнымі крыжамі.
Вера і навяртанне
5 кастрычніка — трэці дзень святых Місій. У гэты дзень не было святой Імшы, а цэлебравалася пакутнае набажэнства.

Навука месійная, якую прамовіў айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR, была прысвечана тэме навяртання. Разважаючы над прыпавесцю пра блуднага сына з Евангелля паводле Лукі, святар заўважыў: "...Кожны з нас можа аказацца на месцы блуднага сына, але мы павінны спадзявацца на Божую любоў і знайсці ў сабе сілы да навяртання. Бо Божая любоў намнога большая, чым мы можам сабе ўявіць, яна бясконцая..."

Асабліва кранальным стаў наступны этап пакутнага набажэнства. Пробашч парафіі Андрэй Кулік папрасіў прабачэнне ў парафіяльнай супольнасці за свае ўчыненыя грахі і занядбанні, а таксама правіны іншых святароў, якія працавалі ў парафіі. У знак пакоры перад Панам Богам ён лёг на падлогу перад Найсвяцейшым Сакрамантам, а парафіяльная супольнасць на каленях перапрашала за грахі. Да Пана Бога ўзносіліся не толькі словы перапрашэння, але і падзякі: за дар жыцця, за тыя ласкі, якія мы маем, за магчымасць прыняцця сакрамантаў... Завяршылася пакутнае набажэнства бласлаўленем Найсвяцейшым Сакрамантам.
Праграма місій у гэты дзень уключала таксама сустрэчы для дзяцей і моладзі. Спатканне для дзяцей праводзіў айцец Эдвард. На працягу двух дзён дзеці разважалі над запаведзямі любові. Найбольшую ўвагу яны звярнулі на тое, як праяўляецца ў жыцці любоў да Бога і бліжняга.

Першае спатканне моладзі, якое правёў айцец Віктар, было прысвечана тэме выбару. Святар заахвоціў моладзь адказна адносіцца да той інфармацыі, якую яна атрымоўвае ў СМІ, перш за ўсё ў сеціве. На прыкладзе благаслаўлёнага Карла Акуціса, маладога чалавека, які ствараў сайты прысвечаныя цудам эўхарыстычным, святар паказаў, як можна выкарыстоўваць інфармацыю на хвалу Божую.
А 21-ай гадзіне вернікі сабраліся на Марыйны заклік. Усведамляючы, што Марыя з'яўляецца нашай заступніцай перад Езусам, супольна памаліліся на ружанцы за нашу краіну, парафію, сем'і, дзяцей... Затым, запаліўшы ад пасхала прынесеныя свечкі, праспявалі песні ў гонар Марыі. 
Калі чалавек памірае
6 кастрычніка — чацвёрты дзень святых Місій, асаблівым чынам быў накіраваны на паяднанне чалавека з Богам. На працягу дня вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі, каб ачысціць свае сэрцы і годна прыняць Езуса Хрыста.
У навуцы месійнай айцец Віктар Бохан CSsR звярнуўся да тэмы смерці, дакладней, да гатоўнасці чалавека прыняць смерць.

"...Добра, што ў нас ёсць пэўная боязь перад смерцю. Бо гэта значыць, што ёсць непакой. І гэты непакой варта выкарыстаць, каб не змарнаваць таго часу, які ёсць тут. Бо навошта нам зямное жыццё? Навошта змаганнні? Усё дзеля таго, каб ісці да святасці і, стоячы перад смерцю, са спакоем прыняць Божы прысуд: "Ты Маё дзіця ўмілаванае. Увайдзі ў  радасць твайго гаспадара..."

Пасля Эўхарыстыі адбылося чарговае спатканне для моладзі. Працягваючы тэму мінулага для абмеркавалі праблему: "Што нам дапамагае рабіць правільны выбар?" Падчас размовы прыйшлі да высновы, што малады чалавек пры прыняцці важных рашэнняў павінен прытрымлівацца трох важных момантаў. Слухацца меркавання бацькоў, бо яны клапоцяцца пра дабрабыт сваіх дзяцей. Слухаць і кіравацца Словам Божым. Прыступаць да сакраманту паяднання, бо ён дапамагае нам усвядоміць кім мы ёсць на самай справе.
А 21-ай гадзіне вернікі сабраліся на чарговы Марыйны заклік. Разважаючы над сцэнай Звеставання,  айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR звярнуў увагу прысутных на значэнне чалавечага "Так". "Пане я згаджаюся на Тваю волю, я хачу быць з Табой. Можа я штосьці не разумею, можа не ведаю, як гэта станецца, але Пане Божа, гэтыя турботы, гэтае няведанне я хачу перажываць разам з Табой. Бо ведаю, што Ты павядзеш мяне найлепшай дарогай...  Як Марыя ў розных жыццёвых выпрабаваннях мы павінны звяртацца да Бога і набліжацца да Яго праз сакрамант споведзі..."

На заканчэнне, звяртаючыся да Найсвяцейшай Панны Марыі, памаліліся на ружанцы за парафію, святароў, родных і блізкіх, а таксама за тых, хто адвярнуўся ад Бога. Пасля спеваў у ганар Маці Божай святары ўдзялілі бласлаўленне.
Езус мой Пан
7 кастрычніка — пяты дзень святых Місій. У гэты дзень падчас святой Імшы адбывалася адарацыя Крыжа. У ходзе навукі месійнай разважалі над фрагментам Евангелля аб вызнанні Пятра, кім ёсць Езус. Айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR на прыкладзе біблійных асоб паказаў, што розныя людзі па-свойму ўспрымалі асобу Езуса.

"...Кожны з нас павінен у сваім сэрцы вызначыць: "А кім для мяне з'яўляецца Езус Хрыстус? Біблійнай асобай, гістарычным персанажам... Ці ўсё ж Панам і Богам?"

Святар заахвоціў вернікаў задумацца над гэтым пытаннем і шчырым сэрцам адказаць на яго.  Пасля казання кожны прысутны, трымаючы правую руку на сэрцы, у цішы выракся граху і вызнаў сваю веру ў Бога. А потым, стоячы на каленях перад Крыжам,  змог сказаць важныя для сябе словы: "Езус мой Пан".
Падчас Марыйнага закліку а 21-ай гадзіне айцец Віктар Бохан CSsR разважаў над праблемай прыняцця важных рашэнняў у жыцці чалавека. Прыводзячы ў прыклад бацькоў Святога Айца Яна Паўла ІІ святар адзначыў, што заўсёды неабходна шукаць падтрымкі ў Езуса і Панны Марыі.
Дзень сям'і
Шосты дзень святых Місій (8 кастрычніка) быў асаблівым чынам прысвечаны сям'і. Навука, якую прамовіў айцец Віктар Бохан CSsR, адпавядала тэме дня. Святар узгадаў словы апостала Паўла з яго Першага паслання да Карынцянаў: "Любоў даўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадяецца, усё церпіць." (1 Кар 13, 4–7)

"Менавіта такой павінна быць любоў сужонкаў. Любоў гэта тое, што я даю другому чалавеку. Гэта не эмоцыі, гэта канкрэтныя дзеянні, канкрэтныя словы, учынкі, якія я кірую ў бок другога чалавека, дзе няма злосці, эгаізму, нянавісці, зайзрасці...  Гэта вялікае жаданне дабра іншаму чалавеку, нават коштам уласнага жыцця..."
Пасля навукі адбылося аднаўленне сужанскіх абяцанняў. Пары рознага ўзросту, з розным сямейным стажам, некаторыя разам з дзецьмі прыйшлі каб адзначыць свята сям'і. 30 сужаскіх пар гледзячы адзін аднаму ў вочы і трымаючы сужонка за руку паўтарылі словы прысягі, папрасілі прабачэнне адзін у аднаго і выказалі словы любові. Затым пары падыходзілі да святароў і атрымоўвалі бласлаўленне місійнымі крыжамі.

Завяршылася святая Імша бласлаўленнем рэліквіямі сясцёр назарэтанак з Навагрудка.
Вось Маці твая
У сёмы дзень святых Місій (9 кастрычніка) на ранішняй Эўхарыстыі быў удзелены сакрамант Намашчэння хворых. Вернікі старэйшага пакалення, а таксама хворыя праз намашчэнне святым алеем узмацніліся духоўна, каб па хрысціянску прыняць хваробы і цярпенні.
Навука месійная ў гэты дзень была прысвечана Марыі.  Айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR  зазначыў: "Як большасць святых, мы павінны выбіраць жыццё з Марыяй, бо яна нас вучыць пакоры, сціпласці, вытрываласці. Марыя не засланяе, але яднае нас з Хрыстом, таму той, хто выбраў дарогу  з Марыяй, заўсёды ідзе дарогай Божай." Завяршылася Эўхарыстыя Актам Прысвячэння Парафіі Маці Божай.
Падчас Марыйнага закліку разважалі пра ролю малівы. Айцец Эдвард зазначыў: "Кожная наша малітва — гэта размова з Панам Богам. Існуе шмат прыгожых малітваў, але няхай для кожнага з нас у розных жыццёвых сітуацыях застанецца найважнейшай простая і добра нам вядомая малітва "Вітай, Марыя...".  У пацвярджэнне важнасці Марыйнай малітвы памаліліся на ружанцы за парафію, дзяцей, моладзь, а таксама тых, хто адвярнуўся ад Бога. Завяршылася малітоўная сустрэча спевамі ў гонар Маці Божай і бласлаўленнем.
Будзьце сведкамі
10 кастрычніка на святой Імшы а 12-ай гадзіне адбылося ўрачыстае завяршэнне святых Місій. Распачалася Эўхарыстыя ўстанаўленнем місійнага крыжа на цвінтары касцёла. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік асвяціў месійны крыж, а таксама крыжы, якія прынеслі парафіяне. Трымаючы крыж высока ў  руках вернікі памаліліся за парафію, сем'і, дзяцей і моладзь, за тых, хто жадаў, але не змог удзельнічаць у Місіях, людзей хворых і самотных, а таксама за тых, хто свядома не скарыстаўся Божых ласкаў, каб яны змаглі знайсці шлях да Бога.
Падчас гаміліі айцец Эдвард Пяцельчыц CSsR разважаў над словамі з Евангелля паводле святога Мацвея "...Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку." (Мц. 28. 19-20)

"Ідзіце і навучайце... Як гэта лёгка сказаць, але як цяжка рэалізаваць. Лягчэй навучаць тых, хто жыве далёка ад нас, але мы павінны навучаць там дзе жывём, вучымся, працуем. Навучаць неабходна найперш не словам, а ўласным прыкладам... Але калі мы не маем Духа, нічога самі не зробім. Таму няхай Дух Святы, Дух, які ажыўляе Касцёл, які ўмацоўваў першых апосталаў, рассейваў змрок многіх сэрцаў, дасць кожнаму з нас сілу, адвагу, мудрасць, каб мы таксама ўмелі быць сведкамі Хрыста ў нашай штодзеннасці."
Завяршылася Эўхарыстыя малітвай у інтэнцыі Святога Айца і бласлаўленнем місійнымі крыжамі. Вернікі, якія знаходзіліся ў стане асвячальнай ласкі і прынялі Святую Камунію, змаглі атрымаць поўны адпуст за ўдзел у Місіях.

На заканчэнне Імшы моладзь ад імя ўсёй парафіі выказала словы ўдзячнасці айцам-рэдэмптарыстам за правядзенне Місій і ўручылі ім кветкі і падарункі. У сваю чаргу айцец Віктар Бохан CSsR падзякаваў пробашчу за запрашэнне і дапамогу ў правядзенні Місій, а таксама ўсім вернікам, якія ўдзельнічалі ў набажэнствах, асабліва тым, хто аказваў дапамогу ў іх падрыхтоўцы.

У знак завяршэння Місіі і вяртання ўлады ў парафіі айцы-рэдэмптарысты перадалі ключы ад святыні і святарскія стулы парафіяльным святарам.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by