А 10-ай гадзіне распачалася супольная малітва за памерлых на старых парафіяльных могілках. Сабраўшыся каля магілы былога пастыра ксяндза Яна Грабоўскага вернікі на чале з вікарыем кс.Алегам Зямчонкам памаліліся на ружанцы за святароў, бацькоў, родных і блізкіх, настаўнікаў і дабрадзеяў, а таксама за ахвяраў войнаў і душы памерлых, аб якіх ніхто не моліцца. Звяртаючыся да прысутных ксёндз Алег падкрэсліў, што наведваючы могілкі, мы ўзгадваем нашых блізкіх памерлых: бацькоў, родных і знаёмых. Часам у нашым сэрцы жыве крыўда, але мы, захоўваючы ў памяці цёплыя і дарагія моманты, павінны імкнуцца прабачыць і ачысціць сваё сэрца, каб наша малітва мела плён для тых, хто адышоў у вечнасць.