А 12-ай гадзіне адбылася святая Імша ў капліцы на новых парафіяльных могілках. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што на супольную малітву нас сабрала вера ў жыццё вечнае і еднасць святых. Кожны чалавек дапускае грахі і правіны, аднак усе мы спадзяемся на Божую міласэрнасць для нашых блізкіх, а таксама для нас саміх. Мы разлічваем на тое, што Бог дасць нам мудра выкарыстаць час зямнога жыцця, каб заслужыць валадарства жыцця вечнага ў небе. Сёння, думаючы пра нашых блізкіх памерлых, хочам перапрашаць Пана Бога за нашыя грахі, каб наша малітва за іх прынесла плён.
Кожны дзень, з'яўляецца для нас сапраўдным Божым дарам, які Ён прапаноўвае, каб мы зрабілі шмат дабра іншым людзям і праз гэта заслужылі вечнае жыццё.
Ксёндз Андрэй заклікаў заўсёды знаходзіць час на памерлых, бо іх жыццё на зямлі скончылася, а наша — працягваецца і мы можам ім дапамагчы. "Няхай сярод нашых шматлікіх абавязкаў і штодзённых клопатаў будзе час на памяць і малітву ў інтэнцыі тых, хто адыйшоў у вечнасць" — пажадаў святар.