А 10-ай гадзіне распачалася супольная малітва за памерлых на старых парафіяльных могілках. Сабраўшыся традыцыйна ля магілы былога пробашча нашай парафіі ксяндза Яна Грабоўскага, вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Андрэем Куліком памаліліся на ружанцы за святароў, бацькоў, родных і блізкіх, настаўнікаў і дабрадзеяў, а таксама за ахвяраў войнаў і душы памерлых, аб якіх ніхто не моліцца. На пачатку набажэнства, звяртаючыся да прысутных, ксёндз Андрэй падкрэсліў, што мы наведваем могілкі, каб памаліцца за душы нашых родных і блізкіх, якія прабываюць у вечнасці. Ля магілы ксяндза Яна Грабоўскага мы молімся за ўсіх памерлых святароў, што ўдзялялі нам сакраманты, навучалі Божаму слову і праўдам веры. У сваёй малітве ўзгадваем бацькоў, бабуль, дзядуль, нашых суседзяў, родных і знаёмых, якія ў складаныя часы ваяўнічага атэізму захавалі веру і перадалі яе нам. Божай Міласэрнасці давяраем усіх, хто адышоў у вечнасць без прыняцця сакрамантаў, за ахвяраў розных катаклізмаў і войнаў, асабліва за нявінна загінуўшых.