У Пальмовую нядзелю ў літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе свае вопраткі, а таксама аліўныя і пальмавыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».
У Вялікі панядзелак Езус, убачыўшы, што дрэва фігавае не прыносіць пладоў, а мае толькі лісце — высушыў яго, а прышоўшы ў святыню, выгнаў адтуль гандляроў.
У Вялікі аўторак Езус праводзіў гарачыя дыскусіі з першасвятарамі і старшынямі народу, якія закончыліся шматразовым “гора вам…”, сказаным у адрас сваіх зацвярдзелых ворагаў. У эсхаталагічнай прамове прадказваў разбурэнне Ерузалема і канец свету, а таксама Сваё паўторнае прыйсце ў хвале. У прыповесцях пра вернага і растропнага слугу, пра разумных і неразумных паннаў, пра таленты заклікаў да чування.
Вялікая серада набліжае нас непасрэдна да падзей Пасхальнага Трыдууму. Сынедрыён на тайнай нарадзе вырашыў любой цаной забіць Езуса. Юда Іскарыёт за 30 сярэбранікаў згаджаецца дапамагчы Вялікай Радзе. Абяцае, што будзе сачыць за Езусам, і калі той застанецца адзін, дасць знаць, каб можна было Яго схапіць.
Вяршыняй літургічнага года і Вялікага Тыдня з’яўляецца Святы Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрашэння Пана. Ён уключае ў сябе літургію Імшы Апошняй Вячэры ўвечары ў Вялікі Чацвер, літургію Мукі Пана ў Вялікую Пятніцу і самую ўрачыстую, самую прыгожую з усіх літургій у Касцёле – Вігілію Пасхальную, якая распачынаецца пасля наступлення цемры ў Вялікую Суботу — у Вялікую Ноч. Заканчваецца Святы Пасхальны Трыдуум увечары ў Нядзелю Уваскрасення.