Да Другога Ватыканскага Сабору гэты сакрамант называўся астатнім намашчэннем, падкрэсліваўся той факт, што ўдзяляўся ён паміраючаму чалавеку і ўжо няма ніякай надзеі на фізічнае аздараўленне. Аднак сакрамант намашчэння хворых – гэта не сакрамант памірання, а сакрамант аздараўлення, і аб гэтым варта памятаць. Гэта азначае, што сакрамант намашчэння хворых можна і патрэбна ўдзяляць не тады, калі чалавек ужо памірае, а значна раней.
У Кампендыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (п.319) сказана: сакрамант намашчэння хворых удзяляе асаблівую ласку, якая найбольш глыбока яднае хворага з мукай Хрыста дзеля дабра самога хворага і ўсяго Касцёла, адорвае хворага суцяшэннем, спакоем, мужнасцю, а таксама прабачэннем грахоў, калі хворы не мог прыступіць да споведзі. Гэты сакрамант дае, калі гэтага хоча Бог, таксама фізічнае аздараўленне. У кожным выпадку, гэта намашчэнне рыхтуе хворага да пераходу ў дом Айца.
Намашчэнне ўдзяляецца праз памазанне хворых алеем (ілба і рук) і прамаўленне словаў, прадпісаных у літургічных кнігах. Сёння гэтыя словы гучаць наступным чынам: «Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае. Амэн».
Звычайна алей для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых асвячаецца біскупам падчас святой Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер. Цэлебраваць сакрамант намашчэння, якому, па магчымасці, павінна папярэднічаць індывідуальная споведзь хворага, можа толькі святар (біскуп або прэзбітар). З прычыны публічнага характару цэлебрацыі гэтага сакраманту, асабліва ў Сусветны дзень хворых, узнікаюць шматлікія непаразуменні і злоўжыванні.
Хто можа атрымаць гэты сакрамант?
Сакрамант намашчэння хворых, як кажа Другі Ватыканскі Сабор, прызначаны не толькі для тых, хто знаходзіцца ў канчатковай небяспецы страты жыцця, але адпаведны час прыняць гэты сакрамант надыходзіць ужо тады, калі вернікам пачынае пагражаць небяспека смерці па прычыне хваробы або старасці (ККК, кан. 104). Хворы, канечне, павінен быць ахрышчаным вернікам.
Не патрабуецца ўпэўненасці ў цяжкай хваробе, хопіць толькі праўдападабенства такога стану. На выпадак сумненняў можна заўсёды спытаць урача, які апякуецца хворым. Абставінамі, якія апраўдваюць прыняцце гэтага сакраманту, будзе, напрыклад, блізкая хірургічная аперацыя, якая найчасцей звязана з небяспечнай хваробай або стратай жыцця.
Асобам састарэлага ўзросту можна ўдзяляць сакрамант хворых нават тады, калі адчуваюць сябе добра, г.зн. не хварэюць цяжка. Прызнаем, што сама старасць нясе з сабою небяспеку смерці.
Колькі разоў ці як часта можна прымаць сакрамант хворых?
Немагчыма, канечне, падаць адну лічбу, бо яна залежыць ад здароўя і частаты захворванняў дадзенай асобы. Заўсёды, калі існуе найменшая пагроза страты жыцця па прычыне нейкай хваробы, можна прыняць гэты сакрамэнт. Можа быць так, што на працягу адной хваробы стан хворага пагоршыўся, тады, хоць ён прыняў гэты сакрамэнт, можа зрабіць гэта яшчэ раз (СІС, кан. 1004).
Умовамі паўторнага прыняцця сакраманту намашчэння хворых будуць цяжкая хвароба, якая наступіла пасля папярэдняга выздараўлення, або пагаршэнне стану здароўя падчас трывання той жа хваробы, калі небяспека стала больш сур’ёзнай.
Тыя састарэлыя, стан здароўя якіх стабільны, не маюць неабходнасці паўтараць гэты сакрамант. Хіба што старэйшая асоба захварэе, тады абставіны разглядаюцца, як пры цяжка хворых.
Паводле каталіцкіх сайтаў