19 снежня напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў нашай парафіі адбыўся дзень споведзі. Падчас кожнай літургіі парафіяне мелі таксама магчымасць паразважаць над праблемамі веры сучаснага чалавека. Гаміліі прамовіў пробашч парафіі Пагошча Славамір Самковіч. Святар звярнуў увагу на тое, што сучасны чалавек не заўсёды ўмее пачуць, падтрымаць, быць удзячным.
“…Мы часта наракаем, што Касцёл абмяжоўвае нас, шмат патрабуе. Усё гэта мы ўспрымаем як пакуту, але гэта не так… Важна не тое, што мы хочам, але што мы можам... Для нас павінны быць важнымі словы Святога Пісання: “Не хлебам адным жыве чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”. Нашае жыццё складанае і не заўсёды атрымоўваецца выконваць Божыя запаведзі, аднак мы маем сакраманты споведзі, Эўхарыстыі, якія служаць нам падтрымкай для ўмацавання ў веры…”
Жанна Закрэўская
19.12.2020