Не гасне памяць праз гады...
26 чэрвеня а 13-ай гадзіне на могілках у вёсцы Падзявы Перабродскага сельсавета адбылася святая Імша за памерлых. З  80-ых гадоў мінулага стагоддзя штогод у апошнюю суботу чэрвеня родныя і блізкія тых, хто пахаваныя на могілках, збіраюцца разам, каб не толькі прыбраць магілы, але супольна са святаром памаліцца за душы  памерлых. Перад літургіяй вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі.
На сённяшні дзень у вёсцы Падзявы ўсяго толькі 4 двары ды 7 жыхароў, аднак на вясковую ўрачыстасць сабралася 35 чалавек. Сёлета, у сувязі з пандэміяй і закрытасцю межаў (шмат хто выехаў у свой час у Латвію), не так многа ў параўнанні з мінулымі гадамі.  Раней збіралася каля сотні. На магілы бацькоў прыязджаюць цэлымі сем'ямі: дзеці, унукі, праўнукі.  Часам да 20 чалавек з адной сям'і.

Традыцыя жыхароў вёскі Падзявы вартая пашаны і пераймання для іншых. Душам, якія адышлі з гэтага свету не мае значэння як выглядаюць іх магілы, наколькі шыкоўныя помнікі і г.д., для іх найбольш патрэбна наша шчырая малітва. Гэта не значыць, што трэба занядбоўваць магілы нашых блізкіх. Не. Аднак мы павінны клапаціцца не столькі аб месцы пахавання,  колькі аб супакоі душаў нашых памерлых. А яны патрабуюць нашай малітвы.  Штодзённай, прыватнай або супольнай... Але найбольшую моц для ратавання душаў, якія церпяць у чыстцы, мае святая Імша. Выхадцы з вёскі Падзявы гэта добра разумеюць. Ды не толькі яны. У вёсцы Латышкі ёсць такая ж традыцыя, толькі збіраюцца яны на святую Імшу ў апошнюю суботу ліпеня. 

Ад захавання памяць пра нашых продкаў залежыць наша будучыня. Вельмі добра, што такая пачэсная традыцыя трывае ў вёсках Падзявы і Латышкі. Хочацца каб яна не толькі не знікла, але і зарадзілася ў іншых месцах нашай парафіі.

Ад імя святароў, хацелася б выказаць словы ўдзячнасці тым, хто сабраўся на супольную малітву, падрыхтаваў месца для правядзення святой Імшы, даставіў святара, прадставіў інфармацыю і фотаздымкі для сайта. Хай Усемагутны Бог бласлаўляе ўсіх на добрыя справы.

Фота Аксаны Падзява.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by