WYSIWYG Web Builder
Парафіяльная ўрачыстасць у Новым Пагосце
15 чэрвеня ў Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Найсвяцейшай Тройцы, менавіта такі тытул мае святыня. На парафіяльную ўрачыстасць сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але таксама госці, найперш тыя, хто паходзіць з парафіі, аднак зараз жыве ў іншых месцах.
Тытул Найсвяцейшай Тройцы ў Віцебскай дыяцэзіі маюць дзевяць парафій, дзве з іх належаць да Мёрскага дэканату: Друя і Новы Пагост. Гэта гаворыць аб асаблівай пашане вялікай таямніцы веры — дагмату аб Найсвяцейшай Тройцы.

Падчас гаміліі дыякан Андрэй Януль заўважыў, што мы ў сваім жыцці сутыкаемся з рознымі таямніцамі: асабістымі, якімі хочам дзяліцца толькі з блізкімі людзьмі; навуковымі, якія цікавяць вучоных, але пакуль не паддаюцца вырашэнню і рэлігійнымі, якія прымаем, як знак нашай веры.

Адной з найвялікшых і складаных для разумення з'яўляецца таямніца Найсвяцейшай Тройцы. Бог Адзіны ў трох Асобах існаваў заўсёды, але толькі ў Новым Запавеце мы ўпершыню сутыкаемся з гэтай праўдай веры, якую паступова для апосталаў раскрывае Езус Хрыстус.

Бог Айцец, Бог Сын і Дух Святы
гэта тры постаці Адзінага Бога, якія знаходзяцца на адным узроўні і звязаныя паміж сабой моцай Божай любові. Найсвяцейшую Тройцу можна параўнаць з сям'ёй, дзе муж і жонка праз дасканалую і бескарыслівую любоў становяцца адзіным цэлым.
Завяршаючы казанне, дыякан Андрэй падкрэсліў, што мы, як хрысціяне, пакліканыя да любові і еднасці на ўзор Найсвяцейшай Тройцы. Святар заахвоціў імкнуцца несці знакі любові ўсім, каго мы сустракаем на сваім шляху праз простыя рэчы. Лагодная ўсмешка, словы падтрымкі, учынкі міласэрнасці — хай гэты выраз нашай любові да Бога і бліжняга заўсёды нам спадарожнічае і набліжае да Найсвяцейшай Тройцы.
Над таямніцай Найсвяцейшай Тройцы разважалі і маліліся аб яе заступніцтве ў парафіі Святога Юзафа ў Барадзінічах, дзе ў невялікай, але прыгожай і ўтульнай святыні, сабраліся на супольную Эўхарыстыю мясцовыя вернікі.
Хай у сённяшнюю ўрачыстасць разважанне над таямніцай хрысціянскай веры дапаможа нам аднавіць нашу сувязь з Айцом, нашым Створцам, з Сынам, нашым Збаўцам, з Духам, які нас асвячае і вядзе да нашага прызначэння ў хвале Бога, адзінага ў Тройцы.

Жанна Закрэўская

15.06.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by