WYSIWYG Web Builder
У Новым Пагосце прайшла парафіяльная ўрачыстасць у гонар Святой Тройцы
31 мая ў Новым Пагосце адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Найсвяцейшай Тройцы, менавіта такі тытул мае вясковы касцёл. Парафіяльнае свята сабрала разам не толькі мясцовых вернікаў, але таксама святароў і гасцей з суседніх парафій.
У канцэлебраванай святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, бралі ўдзел дэкан Міёрскага дэканата ксёндз Андрэй Кулік і вікарый з Шаркаўшчыны ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ.

Падчас гаміліі айцец Генадзій заўважыў, што Найсвяцейшая Тройца гэта вялікая і неспасцігальная для чалавечага розуму таямніца веры. Святар нагадаў прысутным легенду пра св.Аўгустына, які, калі імкнуўся пазнаць таямніцу Святой Тройцы, сустрэў на беразе мора хлопчыка, які пераліваў ваду з мора ў ямку. На пытанне: "Што ён хоча зрабіць?", хлопчык адказаў, што хоча пераліць усю ваду з мора. І калі Аўгустын сказаў відавочнае — што гэта немагчыма, — атрымаў адказ, што гэтак жа немагчыма чалавечым розумам зразумець таямніцу Святой Тройцы.
"Гэта легенда вучыць нас не пераліваць ваду з мора ў ямку, а акунуцца ў мора — мора Божай Любові, якой з'яўляецца Найсвяцейшая Тройца" — зазначыў святар. Далей, звярнуўшыся да слоў з кнігі Зыходу (Зых  34, 4b–6) прамоўца падкрэсліў, што Бог ёсць любоў і кожны раз дае чалавеку новы шанец на збаўленне. Сваімі сіламі заслужыць збаўленне немагчыма — гэта вялікая ласка Божая.

Сёння, святкуючы ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, мы збіраемся сваімі сем'ямі за сталом і радуемся прысутнасці нашых блізкіх. Таксама і Пан Бог прагне, каб усе Яго дзеці — кожны з нас, вярнуўся дамоў, вярнуўся ў неба і сеў разам з Ім, бо Ён наш Айцец і чакае кожнага з нас. Бог праз сваю любоў і міласэрнасць дае нам усе сродкі, каб мы дасягнулі неба, варта толькі імі скарыстацца.

"Будзем прасіць падчас Эўхарыстыі ласку любові да Бога, каб нашыя сэрцы былі адкрытыя на Яго прысутнасць у нашым жыцці"
— заахвоціў, завяршаючы гамілію, прамоўца.
Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і набажэнства да Найсвяцейшай Тройцы, а затым усе разам праславілі Пана Бога праз удзел у Эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла.
Завяршылася ўрачыстасць гімнам "Цябе, Бога, праслаўляем" і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Напрыканцы свята пробашч парафіі айцец Уладзімір Лапацкі OCist падзякаваў святарам і вернікам за супольную малітву і ўдзел у Эўхарыстыі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў бок парафіянаў, якія прычыніліся да падрыхтоўкі ўрачыстасці.

Жанна Закрэўская

31.05.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by