WYSIWYG Web Builder
Папа Францішак: развітанне і пахаванне
Пахаванне Папы Францішка адбудзецца 26 красавіка 2025 года. Літургія распачнецца а 10-ай гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе (а 11-ай па мінскім часе) на плошчы перад Базілікай Святога Пятра.
Увечары 21 красавіка 2025 года ў капліцы ватыканскага Дома святой Марты кардынал Кэвін Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла, узначаліў абрад канстатацыі смерці і пакладання ў труну цела Папы Францішка. Ад раніцы 22 красавіка 2025 года развітацца са Святым Айцом у капліцы яго рэзідэнцыі моглі супрацоўнікі структур Ватыкана і Апостальскай Сталіцы, а таксама члены іх сем’яў.

23 красавіка ў 9.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе цела спачылага Пантыфіка будзе перанесена ва ўрачыстай працэсіі ў Базіліку Святога Пятра. Пасля Літургіі слова, якую каля Алтара Катэдры правядзе кардынал-камерленга, развітацца з Папам Францішкам змогуць усе жадаючыя.

Прычына смерці Папы Францішка

Інсульт, кома, незваротны сардэчна-сасудзісты калапс – такія прычыны смерці Папы Францішка, якая наступіла  21 красавіка 2025 года, у 7.35 (8.35 па мінскім часе) раніцы ў яго рэзідэнцыі – Доме святой Марты ў Ватыкане. Гэта адзначыў прафесар Андрэа Арканджэлі, дырэктар Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан, у заключэнні аб смерці Святога Айца.

У медыцынскім дакуменце адзначаецца, што Папа пакутаваў ад наступстваў эпізоду вострай дыхальнай недастатковасці пры двухбаковай шматмікробнай пнеўманіі, множных бронхаэктазах, артэрыяльнай гіпертэнзіі і цукровым дыябеце ІІ тыпу.

Духоўны тэстамент Папы Францішка

Увечары 21 красавіка Зала Друку Святога Пасада апублікавала духоўны тэстамент Папы Францішка, у якім ён просіць Пана дараваць заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто любіў яго і працягвае маліцца аб ім, а таксама выказвае волю адносна месца свайго пахавання.

Духоўны тэстамент Папы Францішка, які  складзены 29 чэрвеня 2022 года ў Доме святой Марты, змяшчае ўказанні адносна яго пахавання ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. «Miserando atque Eligendo» — гэтым лацінскім дэвізам распачынаецца запавет Папы, увесь пантыфікат якога прайшоў пад знакам міласэрнасці.

У тэксце на італьянскай мове Францішак напісаў: «У імя Найсвяцейшай Тройцы. Амэн. Адчуваючы, што маё зямное жыццё набліжаецца да заходу, і з жывой надзеяй на жыццё вечнае, жадаю выказаць сваю тэстаментарную волю толькі адносна месца майго пахавання.

Сваё жыццё і святарскае і біскупскае служэнне я заўсёды давяраў Маці нашага Пана, Найсвяцейшай Марыі. Таму прашу, каб мае зямныя парэшткі спачывалі ў чаканні дня ўваскрасення ў Папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ."

Якім запомніцца свету Папа Францішак?

Першы езуіт на Пасадзе Пятра

Хорхэ Марыа Берголіа, народжаны 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў сям'і італьянскіх эмігрантаў, стаў першым езуітам, абраным на Пасад Пятра. Яго абранне 13 сакавіка 2013 года пасля нечаканай адстаўкі Бэнэдыкта XVI стала сапраўдным паваротным пунктам для Каталіцкага Касцёла.

Рэфарматар Касцёла і Святога Пасада

Падчас свайго 12-гадовага пантыфікату Францішак ажыццявіў маштабныя рэформы ў кіраванні Касцёлам, Святым Пасадам і Ватыканам. Ён стварыў Раду кардыналаў, рэфармаваў “Ватыканскі банк”, абнавіў Рымскую курыю і ўзмацніў барацьбу з злоўжываннямі ў Касцёле. У 2022 годзе ён апублікаваў Канстытуцыю “Praedicate evangelium”, якая цалкам перабудавала структуру кіравання Касцёлам упершыню за амаль 35 гадоў.

Палявы шпіталь для душ

Міласэрнасць стала цэнтральнай тэмай яго пантыфікату. У 2015-2016 гадах ён абвясціў надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, падкрэсліваючы, што Касцёл павінен стаць "палявым шпіталем", які лечыць духоўныя раны.

"Не забывайцеся, што сапраўдная ўлада – гэта служэнне", - сказаў Папа падчас свайго першага выступлення пасля абрання. Гэтыя словы сталі дэвізам усяго яго пантыфікату.

Абаронца планеты і найбяднейшых

Свет страціў не проста рэлігійнага лідара, але і магутны голас за мір, экалагічную справядлівасць і правы бедных. Яго энцыкліка "Laudato si" стала рэвалюцыйным заклікам да захавання "нашага агульнага дому" – планеты Зямля. Ён неаднаразова асуджаў "культуру адчужэння", якая ігнаруе бедных і найбольш уразлівых прадстаўнікоў грамадства.

Пантыфік зрабіў шмат для міжрэлігійнага дыялогу. Яго сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам у 2016 годзе стала першай у гісторыі сустрэчай паміж кіраўнікамі Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы. У 2021 годзе ён здзейсніў гістарычны візіт у Ірак, дзе сустрэўся з вышэйшым духоўным лідарам шыітаў аяталой Алі аль-Сістані.

Смерць Папы Францішка – гэта не проста завяршэнне эпохі для Каталіцкага Касцёла, але і момант для роздуму над яго спадчынай, якая працягне ўплываць на Касцёл і свет яшчэ доўгія гады.


Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by