21 красавіка 2025 года ў 7.35 раніцы Папа Францішак адышоў у вечнасць. Пра яго смерць паведаміў кардынал Кэвін Фарэл, які падкрэсліў, што ўсё жыццё Святога Айца было прысвечана служэнню Богу, Касцёлу і асабліва найбяднейшым.
«Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу», — адзначыў кардынал Фарэл у сваім звароце.
Згодна з тэкстам паведамлення, Пантыфік пакінуў глыбокі след сваім прыкладам вернасці евангельскім каштоўнасцям. «Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства», — падкрэсліў кардынал.
Прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса
Завяршаючы сваё паведамленне, кардынал Фарэл выказаў глыбокую ўдзячнасць за сведчанне веры, якое даваў Папа: «З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса, даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы».
Папа Францішак (Хорхэ Марыа Берголіа) быў абраны Пантыфікам 13 сакавіка 2013 года, стаўшы першым Пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на папскім пасадзе. За гады свайго пантыфікату ён стаў вядомы сваёй прастатой, увагай да бедных, заклікамі да міру і клопатам пра навакольнае асяроддзе.
Святы Айцец працягваў актыўнае служэнне нягледзячы на праблемы са здароўем у апошнія гады. Яго энцыклікі «Laudato si'» аб клопаце пра агульны дом і «Fratelli tutti» аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве сталі важнымі дакументамі не толькі для Касцёла, але і для ўсяго свету.
Пачынаецца перыяд Sede Vacante
Згодна з шматвяковай традыцыяй Каталіцкага Касцёла, пасля смерці Пантыфіка пачынаецца перыяд Sede Vacante (Вакантны Пасад). У гэты час кіраванне Касцёлам пераходзіць да Калегіі кардыналаў на чале з кардыналам-камерленга – сёння гэта кардынал Кэвін Фарэл.
На працягу наступных дзён адбудуцца жалобныя цырымоніі, у якіх змогуць узяць удзел вернікі з усяго свету, каб развітацца са Святым Айцом. Варта адзначыць, што Францішак яшчэ пры жыцці выказваў жаданне быць пахаваным у рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, куды часта прыходзіў маліцца перад абразом Маці Божай «Salus Populi Romani» (Збаўленне Рымскага народа). Гэта адступленне ад традыцыі апошніх стагоддзяў, калі Пантыфікі звычайна былі пахаваныя ў крыпце Базілікі Святога Пятра.
Канклаў выбера новага Біскупа Рыма
Толькі пасля пахавання кардыналы-выбаршчыкі (тыя, хто не дасягнуў 80-гадовага ўзросту) збяруцца на канклаў у Сікстынскай капэле, каб выбраць новага Біскупа Рыма і Наступніка святога Пятра.
Паводле Апостальскай Канстытуцыі «Universi Dominici Gregis», дапоўненай motu proprio Бэнэдыкта XVI «Normas Nonnullas», канклаў пачнецца не раней чым праз пятнаццаць дзён і не пазней чым праз дваццаць дзён пасля смерці Пантыфіка.
Для абрання Святога Айца патрэбна кваліфікаваная большасць у дзве трэці галасоў. Падчас канклава кардыналы будуць ізаляваныя ад знешняга свету, жывучы ў ватыканскім Доме святой Марты. Калі выбар будзе здзейснены, з коміна Сікстынскай капэлы з’явіцца белы дым – знак «Habemus Papam» («У нас ёсць Папа»), пасля чаго кардынал-протадыякан абвесціць з лоджыі Базілікі Святога Пятра імя новага Пантыфіка.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News