Навяртайцеся і верце ў Евангелле
17 лютага ў Папяльцовую сераду (Папялец) распачаўся Вялікі пост. Назва “Папялец” паходзіць ад абраду пасыпання попелам, які здзяйсняецца ў гэты дзень у Касцёле.
Падчас гаміліі ксёндз-пробашч Андрэй Кулік засяродзіў увагу прысутных на тым, што Вялікі пост - гэта час малітвы, добрых учынкаў, пастаноў. "...Усе справы, да якіх нас заахвочвае супольнасць Касцёла ў час Вялікага посту, актуальныя таксама ў любы дзень літургічнага года. Малітва, Эўхарыстыя, справы міласэрнасці - усё гэта набліжае нас да Бога."
Святар заахвоціў вернікаў зрабіць пэўныя пастановы на Вялікі пост. "...Як і ў час Адвэнту на алтары св.Ізыдора будзе ляжаць Кніга пастаноў. Кожны можа палажыць свае пастановы на алтар, даверыць іх Пану Богу. Пастановы могуць датычыцца не толькі ўстрымання ад чагосьці, але і зрабіць нешта карыснае для бліжняга ці супольнасці Касцёла."
Затым адбыўся абрад пасыпання галоваў попелам, які скіраваны на тое, каб заахвоціць вернікаў да навяртання. Да навяртання заклікае і формула, якую прамаўляе святар падчас абраду пасыпання галоваў попелам: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”. Гэты абрад павінен нагадваць чалавеку, што яго жыццё крохкае і абмежаванае і што ўвесь свой давер трэба пакладаць толькі на Бога.
Другая формула – “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае слова.

