Таксама варта падкрэсліць, што попел утвараецца ад спальвання. Праз пакаянне (асабліва ў Вялікі пост), згодна са словамі св. Паўла, «стары чалавек», грэшнік, павінен памерці ў кожным з нас, каб дзякуючы ласцы ўваскрослага Хрыста нарадзіўся новы чалавек (пасля Вялікага посту мы святкуем уваскрасенне).
Попел на Папяльцовую сераду рыхтуюць са спаленых вербных галінак, асвячаных у папярэднім годзе ў Вербную нядзелю. Гэты факт нагадвае нам пра тое, што менавіта Хрыстус, якога натоўпы на ўваходзе ў Ерузалем праслаўлялі як Месію і Караля, вітаючы яго пальмавымі галінамі, дае нам сілы для духоўнага адраджэння — пераадолення сваіх грахоў і будавання дабра ў сабе. «Абрад пасыпання галоваў попелам у Папяльцовую сераду нагадвае, што створаны Богам з зямнога праху чалавек напрыканцы жыцця зноў ператворыцца ў прах, — гаворыць кс. Астроўскі. — Таму попел нагадвае пра нікчэмнасць чалавечага жыцця, пра неабходнасць памятаць, што трэба жыць справядліва, у Божай ласцы, бо наша зямное жыццё скончыцца і пасля яго застанецца толькі пыл».
Ксёндз доктар Станіслаў Мяшчак SCJ з Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве паказвае яшчэ адзін цікавы аспект пасыпання галавы попелам. «Перш чым гэты знак увайшоў у літургію, як у Старым Запавеце, так і ў хрысціянскія часы пасыпанне попелам было адным з нямногіх спосабаў угнаення зямлі. Там, дзе зямлю пасыпалі попелам, спадзяваліся на лепшы ўраджай. Так што пасыпанне галавы попелам было проста знакам надзеі на перамены да лепшага. Можна ўзгадаць таксама пра сімвалізм Фенікса — міфічнай птушкі, якая паўстала з попелу. Гэта таксама сімвал, які ахвотна выкарыстоўваецца хрысціянамі».
Кракаўскі тэолаг заклікае разумець знак пасыпання галавы попелам не толькі ў адмоўным сэнсе, як знак пакоры і прыніжэння. Прымаючы гэты знак, які з’яўляецца адной з сакрамэнталіяў (не сакрамэнтаў!), чалавек свядома прымае дар Божай ласкі, якая дапаможа яму на шляху да аднаўлення.
Аб аднаўленні, ачышчэнні і навяртанні казаў таксама пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падчас гаміліі ў Папяльцовую сераду.