"Не рабіце цвёрдымі вашыя сэрцы"  Пс 95 (94), 8
14 лютага, Папяльцовай серадой, распачаўся Вялікі пост. У гэты дзень традыцыйна адбываецца абрад пасыпання галоў попелам, сэнс якога заключаны ў словах, што яго суправаджаюць: “Памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся”, “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік у сваёй гамілі адзначыў, што малітва, пост і міласціна — гэта ўчынкі, якія Касцёл заахвочвае практыкаваць падчас Вялікага посту. Найбольш дзейсная малітва — гэта святая Эўхарыстыя, якая з'яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця. Касцёл — гэта супольнасць. Найбольш поўна прыналежнасць да супольнасці Касцёла мы адчуваем, калі збіраемся на супольнае ламанне Хлеба і чытанне Божага слова падчас Эўхарыстычнай ахвяры. Таму ў час Вялікага посту трэба пастарацца знайсці магчымасць удзельнічаць не толькі ў нядзельнай святой Імшы, але як мага часцей, каб чэрпаць сілы для свайго духоўнага развіцця. Добрай малітоўнай практыкай можа стаць ружанцовая малітва. Нават адна таямніца Святога Ружанца ў дзень здольная даць вялікі плён.

Пост — гэта не толькі ўстрыманне ад ужывання пэўных прадуктаў і страў. Пост датычыць таксама розных нашых залежнасцяў, якія нават не заўсёды з'яўляюцца грахом, але праз адмаўленне ад іх мы працуем над сабой. Час, які мы вызваляем адмаўляючыся ад інтэрнэту, тэлебачання, прагляду фільмаў мы можам выкарыстаць на малітву, чытанне рэлігійнай літаратуры, дапамогу іншым. Любая наша пастанова, якая звязана з адмаўленнем ад нечага, заўсёды павінна быць напоўнена іншым добрым зместам. Мы можам ахвяраваць час, прадукты харчавання, сродкі для тых, хто гэтага патрабуе. Добрай пастановай на Вялікі пост можа стаць наша праца над культурай маўлення. Пастараемся пазбягаць брыдкаслоўя, абмоваў, асуджэння і плётак. Пачынаючы размову пра чалавека, будзем казаць пра яго толькі добрае. 

Праз сакрамант хросту ўсе мы з'яўляемся братамі і сёстрамі, незалежна ад таго, падабаецца нам хтосьці альбо не, бо Езус Хрыстус аддаў сваё жыццё за кожнага з нас, таму нашым абавязкам на Вялікі пост павінны стаць учынкі міласэрнасці.  Дапамога іншаму — гэта таксама перамога над нашым уласным эгаізмам. Мы павінны рабіць добрыя ўчынкі не напаказ і не дзеля нейкага п'едэстала. Учынкі міласэрнасці дапамагаюць нам глянуць на сябе з іншага боку і зразумець, што я чалавек грэшны, аднак, нягледзячы на свае грахі і слабасці, магу дапамагчы іншаму. "Чуючы голас Пана, не рабіце цвёрдымі вашыя сэрцы" — кажа псальміст (пар.Пс 95(94), 8).

Няхай наша прысутнасць у касцёле падчас Вялікага посту, нашы пастановы і добрыя ўчынкі стануць часам для самадысцыпліны і самаразвіцця, каб на Пасху з радасцю ў сэрцы сказаць: "Пане, дзякуй, што Ты даў мне сілы і здольнасці. Гэты скарб я памножыў на працягу Вялікага посту."
Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by