WYSIWYG Web Builder
Папяльцовай серадой распачаўся Вялікі пост
18 лютага ў Каталіцкім Касцёле пачынаецца Вялікі пост  — саракадзённы перыяд, які рыхтуе вернікаў да велікодных урачыстасцяў. Папяльцовая серада (Папялец) завяршае перыяд забаў, уводзячы людзей у цалкам іншы настрой — роздуму, сур’ёзнасці, разважання. Назва “Папялец” паходзіць ад абраду пасыпання попелам, які здзяйсняецца ў гэты дзень у Касцёле.
Прымаючы попел, вернікі ўваходзяць у час, які павінен быць часам пакаяння, навяртання і ачышчэння ад грахоў. Попел – сімвал крохкасці і прамінальнасці чалавечага жыцця.

Сімволіка попелу звязана таксама з пакаяннем і жалобай. Галовы пасыпалі попелам яшчэ ў старажытнасці. Мэтай гэтага было найперш выражэнне смутку і скрухі. Такім чынам марнасць жыцця падкрэслівалі старажытныя егіпцяне і грэкі. Крыху пазней абрад быў прыняты ізраэльскім народам.

У мінулыя стагоддзі да вядомых форм публічнага пакаяння належала між іншым асаблівая вопратка, якая называлася лахманамі. Таксама часта адбываўся пост на хлебе і вадзе, каб ачысціцца ад грахоў. Толькі ў пачатку ХІ ст. Папа Урбан ІІ увёў абрад пасыпання галоваў попелам і зрабіў яго абавязковым для Папяльцовай серады. Тады ж было прынята, што попел павінен паходзіць са спаленых мінулагодніх пальмовых галінак, асвечаных у Пальмовую нядзелю.

Абрад пасыпання галоваў попелам павінен найперш заахвоціць вернікаў да навяртання. Да навяртання заклікае і формула, якую прамаўляе святар падчас абраду пасыпання галоваў попелам: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”.

Гэты абрад павінен нагадваць чалавеку, што яго жыццё крохкае і абмежаванае і што ўвесь свой давер трэба пакладаць толькі на Бога.

Другая формула – “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” – азначае, што найважнейшым фундаментам чалавечага жыцця павінна быць Божае слова.

Паводле Сatholicnews.by

18.02.2026

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by