24 снежня а 22.00 гадзіне святой Імшой (Пастэркай) урачыста распачаліся святкаванні Божага Нараджэння. Каб пачуць радасную навіну аб нараджэнні збаўцы Езуса Хрыста ў святыні разам сабраліся дарослыя і дзеці. У паўмзроку яслі чакалі маленькае дзіцятка... Таму, напэўна, сімвалічным было тое, што ўрачыстая працэсія да ясляў вырушыла пад спевы дзіцячага хору. Затым, падчас літургіі, іх змяніў дарослы хор.
У сваёй гаміліі ксёндз-пробашч Андрэй Кулік, разважаючы над таямніцай нараджэння збаўцы Езуса Хрыста, выказаў надзею, што ў кожнага прысутнага на Імшы ў сэрцы нарадзіўся Езус Хрыстус. Святар адзначыў, што мы павінны памятаць і маліцца за тых, хто з прычыны хваробы не можа прысутнічаць на літургіі, а асаблівым чынам - за медыцынскіх работнікаў, якія самаахвярна працуюць на карысць бліжняга.
Напрыканцы святой Імшы ксёндз Андрэй павіншаваў усіх са святам Божага Нараджэння, а таксама падзякаваў тым, хто дапамагаў прыбіраць святыню, рыхтаваў яслі, выставу дзіцячых работ, упрыгожваў літургію служэннем і спевамі. Пробашч запрасіў усіх да ўдзелу ў набажэнствах на працягу атавы Божага Нараджэння.