У паўзмроку ўрачыстая працэсія службы алтара праз святыню накіравалася да імправізаваных ясляў, дзе распачалася супольная малітва.
Падчас гаміліі, разважаючы над падзеямі нараджэння Пана, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, заахвоціў задумацца: "Ці ёсць у маім жыцці месца для Езуса Хрыста? Бога, які хоча быць далікатным і не дакучаць чалавеку ў яго свядомым выбары. Ці не з'яўляюся я тым, хто адварочваецца, не знаходзіць часу ў нядзелю на святую Імшу, у буднія дні — на добрыя ўчынкі і служэнне бліжняму, а тым самым служэнне Езусу Хрысту?"
"Сённяшні час патрабуе ад нас сапраўднага хрысціянскага сведчання веры ў тым асяродку ў якім мы знаходзімся. Таму няхай Божае Нараджэнне стане для кожнага з нас асаблівай падзеяй сустрэчы з Панам Богам, які дзеля майго збаўлення прыйшоў на зямлю. Падзеяй, якая пераменіць жыццё кожнага з нас" — пажадаў святар.