У паўзмроку ўрачыстая працэсія службы алтара праз святыню накіравалася да імправізаваных ясляў, дзе распачалася супольная малітва.
Падчас гаміліі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік засяродзіў увагу на падзеях нараджэння Езуса. У час Яго нараджэння з'явіліся войскі анёльскія, якія спявалі гімны Пану. Езус прыйшоў у свет, як Валадар, але не са зброяй і насіллем, а каб праславіць Пана Бога. Мэта жыцця Езуса — збаўленне чалавека.
Езус Хрыстус які нарадзіўся, які навучаў і які зышоў з неба — гэта той самы Езус Хрыстус — наш Пан і Валадар. "Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна" — кажа Пан. (Ян 6, 51) Езус прыходзіць на зямлю, каб наталіць сваіх падданых. Сённяшняе свята заахвочвае нас разам з анёламі спяваць гімны праслаўлення Пану Богу. Такім гімнам з'яўляецца наша малітва і ўдзел у Эўхарыстыі. Просім у нованароджаннага Бога і Збаўцы, каб даў нам моц і сілы славіць Пана не толькі словамі, але ўсім сэрцам і ўчынкамі веры.
Радаснаму перажыванню ўрачыстай Літургіі садзейнічалі цудоўныя спевы парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч.