WYSIWYG Web Builder
Вігілія Божага Нараджэння
Вігілія Божага Нараджэння — урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова вігілія лацінскага паходжання і азначае чуванне. Традыцыйна ў вігілію Божага Нараджэння адбываецца адмысловая святая Імша — Пастэрка, якая ў нашай святыні распачалася а 22-ой гадзіне.
Назва "Пастэрка" паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух), бо першымі людзьмі, якім Анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастухі, якія пасвілі непадалёк свой статак. Яны першыя і прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. Сёння вернікі, як тыя пастушкі, таксама прыйшлі прывітаць Немаўляці і ў чарговы раз ушанаваць таямніцу ўцелаўлення нашага Збаўцы.

Святая Імша традыцыйна распачалася ў паўзмроку. Урачыстая працэсія службы алтара разам са святарамі накіравалася да імправізаваных ясляў, дзе адбылася супольная малітва.
Падчас гаміліі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што распачынаючы святкаваць вялікую таямніцу нашай веры, якую Ян Евангеліст акрэсліў словамі: "а Слова сталася целам і пасялілася між намі"  мы ў чарговы раз усведамляем сабе вялікую і важную праўду аб тым, што сапраўды "так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае" Ян 3,16.

Святар падкрэсліў, што Бог аб'яўляецца свету як дзіцяці. Менавіта такім чынам Ён супрацьпастаўляе сябе ўсялякаму насіллю і прыносіць вестку аб міры ў кожную эпоху і кожнаму пакаленню людзей. Пан не стамляецца прапаноўваць свой дар чалавецтву: "Вось стаю каля дзвярэй і стукаюся. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною" (Ап 3, 20). Якім жа спакоем і надзеяй вее ад гэтых слоў Хрыста. Усяго толькі пачуць стук і адчыніць дзверы. Такія простыя ўмовы нам трэба выканаць для сустрэчы з Панам — і вось ты ўжо прымаеш у сваім доме Хрыста. Моцны Бог, Князь Супакою — як кажа прарок Ісая — прыходзіць да нас сёння ў постаці Немаўляці, такім чынам Пан прымае звыклы для нас вобраз, каб не страх перад моцай Божай, але захапленне і любоў да Дзіцяці было тым, што звязвае нас з Ім.

Радаснаму і ўзнёсламу перажыванню Вігіліі Божага Нараджэння спрыяла атмасфера, якая панавала ў касцёле. Адмысловыя дэкарацыі, імправізаваныя яслі, выстава дзіцячых малюнкаў і стаенак, цудоўныя спевы парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч і непаўторныя акампаніменты аргана і скрыпкі краналі душу і напаўнялі яе супакоем і радасцю.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік павіншаваў прысутных з надыходзячым святам Божага Нараджэння і выказаў словы ўдзячнасці тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці, а таксама ўсім, хто на працягу года клапаціўся пра святыню і дапамагаў парафіяльнай супольнасці.

Жанна Закрэўская

25.12.2024

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by