WYSIWYG Web Builder
Пастэрка святая Імша ў вігілію Божага Нараджэння
24 снежня ў вігілію Божага Нараджэння а 22-ой гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша — Пастэрка. Назва яе паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух), бо першымі людзьмі, якім анёлы абвясцілі цудоўную навіну пра нараджэнне Хрыста, былі бэтлеемскія пастухі, якія пасвілі непадалёк свой статак.
Пастэрка прасякнута шэрагам сімвалаў і традыцый, якія вяртаюць нас у цудоўную збаўчую ноч, калі Езус Хрыстус прыйшоў на свет, як маленькае дзіця. Літургія распачынаецца ў паўзмроку. Урачыстая працэсія службы алтара разам са святарамі накіроўваецца да імправізаваных ясляў, каб аддаць пашану нованароджанаму Збаўцу.

Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заўважыў, што супольнай малітве ў касцёле папярэднічала вігілійная вячэра, якая традыцыйна збірае за сталом усю сям'ю, усіх тых, хто можа прыйсці ці прыехаць і падзяліць з намі радасць ад святкавання такой вялікай урачыстасці. Вігілійная вячэра, якая спалучае рэлігійныя і народныя традыцыі, служыць формай Евангелізацыі для дзяцей і моладзі. Мы прыносім сена і кладзём яго пад абрус, каб нагадаць, што Езус нарадзіўся ў беднай стайні і быў пакладзены Марыяй у яслі з сенам.

Кульмінацыяй вігілійнай вячэры з'яўляецца чытанне фрагмента Евангелля аб нараджэнні Езуса Хрыста. У гэты вечар нас перапаўняе радасць таго, што мы можам чытаць і слухаць Божае Слова, складаць віншаванні і дзяліцца аплаткай.
Завяршаючы гамілію, святар падкрэсліў, што Божае Нараджэнне не можа быць без Бога, без Вігіліі, без святой Імшы і Камуніі, таму заахвоціў вернікаў адкрыць свае сэрцы на прыйсце Езуса Хрыста, запрасіць Яго да сябе і даверыць Яму сваё жыццё.

Радаснаму перажыванню свята спрыялі адмысловыя дэкарацыі і імправізаваныя яслі. Урачыстую літургію ўпрыгожыў сваімі спевамі парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч.

Напрыканцы Імшы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік павіншаваў прысутных з надыходзячым святам Божага Нараджэння і выказаў словы ўдзячнасці тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі ўрачыстасці, а таксама ўсім, хто на працягу года клапаціўся пра святыню і дапамагаў парафіяльнай супольнасці.

Жанна Закрэўская

25.12.2025

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by