Падчас гаміліі, разважаючы над тэкстамі Святога Пісання на V Велікодную нядзелю, канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч заахвоціў задумацца над галоўнымі тэалагічнымі цнотамі. "Вера, надзея, любоў — гэты дабрадзейнасці дадзеныя нам Панам Богам, як падарунак, для таго, каб мы не стамляліся і не заблукалі ў дарозе да неба. Яны неабходныя нам для духоўнага росту".
Звяртаючыся да тэксту з Дзеяў Апосталаў, святар падкрэсліў: "Наша жыццё і нашыя ўчынкі ўплываюць на нашу веру, таксама і наша вера ўплывае на нашае жыццё. Пан Бог заклікае нас сумленна, шчыра, паводле Евангелля фармаваць сваё жыццё. На гэтым грунтуецца хрысціянская вера. Трэба жыць верай, каб яна ў нас квітнела, каб па нашых учынках можна было сказаць, кім мы з'яўляемся".
Далей, разважаючы над словамі з Апакаліпсіса святога Яна, ксёндз Віктар Місевіч адзначыў: "Мы маем надзею, што гэтыя зямныя выпрабаванні і пакуты нарэшце некалі скончацца і Бог захоча адарыць нас вечным шчасцем."
"<...> Словы з Евангелля паводле святога Яна даюць нам сёння адказ, што з'яўляецца ключом, які адчыняе нам нябеснае валадарства —любоў да Пана Бога і адзін да аднаго. Любоў і міласэрнасць, бо любоў — гэта не проста слова, гэта перад усім служэнне" — падсумаваў ксёндз Віктар.