Звяртаючыся з душпастырскай навукай да вернікаў Яго Эксцэленцыя ўзгадаў гісторыю Фацімскіх аб'яўленняў і адзначыў актуальнасць пасланняў Багародзіцы сёння. "Галоўная думка паслання — каштоўнасць і неабходнасць малітвы. Малітва — гэта як кропля вады, якая точыць камень. Наша малітва праз заступніцтва Маці Божай мае важную ролю ў нашым асабістым жыцці, у жыцці грамадства і ўсяго свету. Той чалавек, які шчыра моліцца і давярае Пану Богу, на ўзор Абрагама з'яўляецца праведнікам, які змяняе Божы гнеў на міласэрнасць. Таму сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас умацоўваць сваю веру, нягледзячы на розныя выпрабаванні. Заахвочвае быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам, прасіць у Бога ласку сапраўднай любові, прабачэння і дабразычлівасці ў нашых сэрцах. Такім чынам мы можам быць святлом для іншага чалавека, які, бачачы нашыя ўчынкі, пажадае быць падобным да нас. <...> "
Далей іерарх заўважыў, што вельмі важна знаходзіць час на малітву, на асабістую размову з Богам, бо малітва можа зрабіць вялікія справы і вялікія цуды, нават змяніць жыццё чалавека. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем: "Няхай Маці Божая Фацімская, якая прысутнічае ў нашым жыцці, сваімі малітвамі выпрасіць для кожнага з нас патрэбныя ласкі і ахіне нас сваёй Мацярынскай апекай."