Першая Святая Камунія
30 мая ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы 26 дзяцей нашай парафіі ўпершыню прынялі Езуса Хрыста ў сакраманце Эўхарыстыі. Разам з бацькамі, хроснымі, роднымі і знаёмымі ўся парафія святкавала гэтую радасную падзею, дзякуючы Пану Богу за вялікі дар Цела і Крыві Езуса Хрыста.

Літургія для дзяцей распачалася з бацькоўскага бласлаўлення, пасля якога ўрачыстай працэсіяй яны ўвайшлі ў святыню, каб упершыню ў поўнай меры прыняць удзел у святой Імшы.
Падчас гаміліі ксёндз-вікарый Аляксандр звярнуў увагу дзяцей і ўсіх прысутных, на важнасць сакраманту Эўхарыстыі. "...Як вітаміны ўмацоўваць і захоўваюць наш арганізм ад хвароб, так Эўхарыстыя ўмацоўвае нашу душу ад граху. Імкніцеся захаваць вашыя сэрцы чыстымі, каб вы маглі заўсёды прыняць Езуса".

На завяршэнне святой Імшы ксёндз-пробашч Андрэй Кулік падзякваў катэхетцы спадарыні Наталлі Гарноўскай за падрыхтоўку дзяцей да Першай Камуніі, а таксама павіншаваў дзяцей і бацькоў з гэтай урачыстай падзеяй. Святар заахвоціў дзяцей прыходзіць на працягу "белага тыдня" ў касцёл і прымаць удзел у маёвых і чэрвеньскіх набажэнствах. Ксёндз Андрэй выказаў надзею, што дзеці і іх бацькі "не знікнуць", пасля ўрачыстасці, а стануць сапраўднымі членамі  супольнасці Касцёла.

У сваю чаргу бацькі выказалі словы ўдзячнасці святарам і катэхетцы за падрыхтоўку да Першай Святой Камуніі.  Завяршылася ўрачыстасць супольным фотаздымкам.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by