Першая Святая Камунія
22 мая на Імшы а 12-ай гадзіне 28 дзяцей з нашай парафіі ўпершыню прынялі Святую Камунію. Гэтай падзеі папярэднічалі два гады катэхетычнай падрыхтоўкі, якую праводзіла спадарыня Наталля Гарноўская. Дзеці павінны былі наведваць заняткі кожны тыдзень, а кожную нядзелю і ў святочныя дні ўдзельнічаць у святой Імшы. Напярэдадні свята дзеці, іх бацькі і хросныя прыступілі да сакраманту споведзі.
Па традыцыі дзеці, апранутыя ў белае адзенне, сімвал чысціні і святасці, чакалі пачатку літургіі на вуліцы. Пасля акраплення святой вадой і бацькоўскага бласлаўлення, яны ўрачыстай працэсііяй увайшлі ў касцёл.  
Распачалася Імша. Зіхоткія ўсмешкі і ноткі хвалявання панавалі на тварах маленькіх вернікаў, якія чакалі сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў важнасць падзеі, якую перажываем, для кожнага асабіста і для парафіяльнай супольнасці. "Нашы дзеці прымуць сёння чарговы сакрамант хрысціянскай сталасці — сакрамант Эўхарыстыі. Праз хрост мы далучыліся да супольнасці Касцёла, а Эўхарыстыя вядзе нас па дарозе да вечнага жыцця..." Звяртаючыся да дзяцей, святар заўважыў: "Белае адзенне, у якое вы сёння апранутыя, сімвалізуе чысціню вашай душы, імкніцеся не запляміць яе цяжкім грахом. Хай святло свечкі, якую вы трымаеце ў руках, асвятляе ваш шлях ў дарозе да Бога".

Пасля, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, дзеці аднавілі абяцанні хросту. Завяршылася літургія слова малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.
Нарэшце доўгачаканы момант Эўхарыстыі. Узрушанасць і радасць перапаўняла маленькіх вернікаў, якія ўпершыню прымалі Езуса Хрыста ў свае сэрцы.
Наперадзе дзяцей чакае “белы тыдзень”, на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні будуць хадзіць у касцёл і дзякаваць за дар святой Камуніі.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by