Святая Камунія – гэта сакрамант хрысціянскай сталасці, які ўводзіць ў паўнату духоўнага жыцця. Традыцыйна Першая святая Камунія адбываецца ў маі, калі Касцёл перажывае перыяд пасхальнай радасці на працягу 50 дзён ад Нядзелі Змёртвыхпаўстання Пана да Урачыстасці Спаслання Духа Святога.
Як адзначыў падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік: "Першая святая Камунія — гэта не апошні пункт дарогі да Бога. Дзеці, якія прымуць сёння ў сваё сэрца Хрыста, патрабуюць далейшага ўзрастанння і ўмацавання ў веры. А гэта ўжо залежыць ад бацькоў, ад іх прыкладу штодзённай малітвы, нядзельнай святой Імшы, прыняцця святых сакрамантаў і іншых рэлігійных практык. Першая святая Камунія дзіцяці павінна стаць магчымасцю для бацькоў аднавіць сваё асабістае сяброўства з Эўхарыстычным Хрыстом."
Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, дзеці аднавілі абяцанні хросту. Завяршылася літургія слова малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.