WYSIWYG Web Builder
Першая святая Камунія
19 мая ва ўрачыстасць Спаслання Духа святога 20 дзяцей з нашай парафіі ўпершыню прынялі святую Камунію. Наколькі важным і хвалюючым днём стала першая сустрэча з Езусам у сакраманце Эўхарыстыі, можна меркаваць па той радасці, якую адчувалі і перажывалі дзеці, іх бацькі і родныя.
Па традыцыі дзеці, апранутыя ў белае адзенне сімвал чысціні і святасці, чакалі пачатку літургіі на вуліцы. Пасля малітвы і бацькоўскага бласлаўлення, яны ўрачыстай працэсііяй увайшлі ў касцёл.
Святая Камунія – гэта сакрамант хрысціянскай сталасці, які ўводзіць ў паўнату духоўнага жыцця.  У сваёй гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што адзначаючы сёння ўрачыстасць Спаслання Духа Святога мы бачым таксама вынікі Яго дзеяння і цешымся плёнам працы бацькоў і парафіяльнай супольнасці. Нашы дзеці, апранутыя ў белае адзенне, чытаюць слова Божае, спяваюць псальмы і іншыя малітвы. Яны прагнуць з чыстым сэрцам прыняць Езуса ў Эўхарыстыі і верна Яму служыць. Абавязак бацькоў дапамагчы дзецям не страціць гэтае прагненне і далей клапаціцца аб іх духоўным узрастанні, а таксама быць для іх прыкладам сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, дзеці аднавілі абяцанні хросту. Завяршылася літургія слова малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.
Нарэшце доўгачаканы момант Эўхарыстыі. Узрушанасць і радасць перапаўняла маленькіх вернікаў, якія ўпершыню прымалі Езуса Хрыста ў свае сэрцы.
Напрыканцы Імшы бацькі выказалі словы ўдзячнасці святарам за духоўную фармацыю дзяцей і ўдзяленне сакраманту першай споведзі і Першай святой Камуніі. Цёплыя словы прагучалі таксама ў адрас катэхеткі спадарыні Наталлі Гарноўскай, пад кіраўніцтвам якой на працягу двух гадоў дзеці пазнавалі асноўныя праўды веры.
Завяршылася ўрачыстасць уручэннем памятак аб Першай святой Камуніі і агульным фотаздымкам.

Наперадзе дзяцей чакае “белы тыдзень”, на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні будуць хадзіць у касцёл і дзякаваць за дар святой Камуніі.

Жанна Закрэўская

19.05.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by