Прыняцце Камуніі — Цела Хрыста — гэта ўсвядомлены крок у духоўнае жыццё, якому папярэднічае двухгадовая падрыхтоўка на занятках па катэхэзе. Напярэдадні Першай Камуніі праходзіць Першая споведзь, падчас якой дзіця павінна ўспомніць усе свае грахі, разабрацца з мінулым, каб прыйсці да новага жыцця з чыстай душой. Рахунак сумлення дапамагаюць выканаць бацькі. Разам з дзецьмі яны таксама даходзяць да споведзі і моляцца аб чысціні. Затым — прыняцце Першай Камуніі, пасля якой дзіця адкрывае сваю душу для Хрыста і падымаецца на новую прыступку ў сваёй духоўнай свядомасці.
У нядзелю, па-святочнаму апранутыя ў белыя альбы — сімвал чысціні і святасці, са свечкамі ў руках, дзеці, якія рыхтаваліся да прыняцця Першай Камуніі, разам з бацькамі чакалі святара ля ўваходу ў касцёл. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік прывітаў маленькіх вернікаў і пасля таго, як іх блаславілі бацькі, запрасіў дзяцей у святыню на самую галоўную ў іх жыцці Імшу.