WYSIWYG Web Builder
Велапілігрымка "Мёры-Браслаў"
22 жніўня адбылася велапілігрымка "Мёры-Браслаў" да  абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, якой кіраваў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. 11 пілігрымаў за 4 гадзіны паспяхова пераадолелі шлях у 40 км, каб пакланіцца Маці Божай і скласці ёй свае просьбы і падзякі.
Шлях распачалі а 13-ай гадзіне супольнай малітвай ля касцёла, а затым вырушылі ў дарогу. Бадзёры тэмп даваў магчымасць хутка пераадольваць кіламетры, а спрыяльнае надвор'е стварала радасны настрой. Падчас прыпынкаў быў час на малітву і адпачынак.

Хутка ляцелі кіламетры і неўзабаве пілігрымы дасягнулі мэты свайго падарожжа. Ля галоўнага ўваходу ў святыню іх прывіталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, кусташ санктуарыя.
У гэтым годзе на ўрачыстасці ў Браславе прыбылі таксама дзве пешыя пілігрымкі: з Глыбокага, пад кіраўніцтвам пробашча парафіі ксяндза каноніка Мікалая Ціхановіча і экстрэмальная пакутніцкая пілігрымка з Удзела на чале з айцом Віктарам Мялешкам OFMConv. За чатыры дні яе ўдзельнікі пераадолелі 120 кіламетраў, часта ідучы па бездарожжы. Увесь гэты шлях пілігрымы ішлі ў поўным маўчанні, несучы на сабе ўсе свае рэчы і крыжы.
Акрамя арганізаваных пілігрымак былі таксама і індывідуальныя. Пілігрым з Гудагая (Гродзенская дыяцэзія) за адзін дзень на веласіпедзе пераадолела шлях у 190 км, каб пакланіцца Маці Божай Валадарцы Азёраў.
Пілігрымка – гэта свядомае рашэнне на нейкую ахвяру. Згода на тое, што мне штосьці будзе балець, што магу дасягнуць нейкай мяжы фізічных або псіхічных сіл. Пілігрымка — гэта таксама час, калі адпачываеш душой і становішся бліжэй да Бога. Дзякуй усім, хто ахвяраваў свой час і прыняў удзел у пілігрымцы, каб стаць сведкам веры для іншых.

Жанна Закрэўская, тэкст

23.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by