На наступны дзень, пасля Імшы ў касцёле святога Стэфана ў Кракаве, пілігрымы наведалі месца мучаніцкай смерці Максімільяна Кольбэ ў Асвенцыме — канцэнтрацыйны ларег Аўшвіц-Біркенаў, у якім падчас Другой Сусветнай вайны было знішчана больш за 1 300 000 чалавек розных нацыянальнасцей, дзевяноста адсоткаў якіх складалі яўрэі. Сярод ахвяр лагара смерці быў і святы Максімільян, які добраахвотна аддаў сваё жыццё за бліжняга.
Па дарозе ў лагер, ксёндз канонік Юрый Санько падкрэсліў: "Важна, каб мы ішлі не толькі паглядзець месца, дзе быў лагер і як тут усё было арганізавана, але мы накіроўваемся сюды, каб папрасіць прабачэнне за тое, што адбывалася тут, а таксама на нашых землях. Папрасіць Божага благаслаўлення і навяртання да Бога нашага народа, а таксама ўсіх народаў, каб быў мір на зямлі — гэта наша асноўная місія, наша мэта.
<...>Максімільян Кольбэ добра адчуваў і разумеў іншых людзей. Сям'я для яго была сапраўднай найвялікшай каштоўнасцю, таму ён аддаў сваё жыццё за іншага не задумваючыся над тым, што нешта не паспее зрабіць. Ён добраахвотна пайшоў на смерць наследуючы Хрыста."
Асвенцым — гэта месца ўмацавання духу, нягледзячы на перажыванні ад убачанага і пачутага. Баракі, камеры, рэчы загінуўшых, печы крэматорыя, жудасныя гісторыі пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання зняволеных і эксперыменты над імі — усё гэта зрабіла цяжкі адбітак у душы кожнага. Гэтае святое месца, зямля, якая прапіталася крывёю мучанікаў, заклікае сучаснае пакаленне ў чарговы раз задумацца над каштоўнасцю жыцця.
Раман Кент пісаў "Хвіліна ў Аўшвіц, была як цэлы дзень. Дзень, як год, а месяц, як цэлая вечнасць", гэтыя словы, змешчаныя зараз над уваходам у музейныя экспазіцыі лагера, нагадваюць наведвальнікам пра жудаснае мінулае.
Падчас экскурсіі, прайшоўшы праз баракі, пілігрымы памаліліся ля камеры, у якой знаходзіўся ў зняволенні св.Максімільян Кольбэ.